Актывісты каля Дэпартамента выканання пакаранняў. Родныя і блізкія, асуджаных па некаторых рэзанансных крымінальных справах, запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі.

Разам з прадстаўнікамі грамадскасці, актывістамі “Еўрапейскай Беларусі” і Форуму “Свабода палітвязням” раніцай 18 снежня яны прыйшлі да будынку ДВП на вуліцу Брылеўскую, каб перадаць кіраўніцтву дэпартамента свой калектыўны зварот.

Маці Тараса Аватарава, Іллі Валовіка і некаторых іншых перажываюць за жыццё сваіх дзяцей і вельмі занепакоеныя тымі жорсткімі ўмовамі ўтрымання, у якіх яны адбываюць пакаранне.

У 10 гадзін раніцы на дворыку каля будынку ДВП сабраліся маці Тараса Аватарава Людміла Поспіх, актывісты Максім Вінярскі,  Вольга Нікалайчык

Людміла Поспіх паведаміла журналістам, што сваякі збіраюцца пісаць зварот аб патрабаванні спыніць катаванні ў дачыненні да асуджаных і наладзіць сістэму назірання ў калоніях з удзелам міжнародных структураў, каб спыніць  бязмежжа адміністрацыі пенітэнцыярных устаноў.

"Здзекі і катаванні над беларускімі грамадзянамі, якія знаходзяцца за кратамі ў беларускіх турмах, перайшлі ўсе межы. Сёння прадстаўнікі беларускай грамадскасці, розных рухаў і плыняў, мусяць стаць на бок гэтых мацярок, гэтых бацькоў, каб разам прадухіліць пагрозы жыццю і Тарасу Аватараву, і Міхаілу Жамчужнаму, і многім іншым. Мы падрыхтавалі калектыўны зварот ад грамадскасці, творчай інтэлігенцыі Беларусі, ветэранаў працы, былых вайскоўцаў, актывістаў, каб урэшце спыніць здекі і катаванні ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі," -  заявіла Вольга Нікалайчык.

Крыніца: Сваякі асуджаных па рэзанансных справах звярнуліся да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў