18 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбылося папярэдняе паседжанне па скарзе прэс-сакратаркі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на рашэнне УУС Маскоўскага раёна аб яе высылцы з Беларусі.
У працэсе старшынствуе суддзя Вольга Гусакова. У якасці адказніка – прадстаўнікі аддзелу грамадзянства і міграцыі УУС Маскоўскага раёна, старшы інспектар Філіп Карацюпа. Ён, дарэчы, як высветлілася ў працэсе, рашэнне па высылцы Красулінай не прымаў, а толькі з’яўляецца “выканаўчай асобай”.
Таксама ў пачатку працэсу было задаволена хадайніцтва дапусціць да працэсу для выкладання меркавання грамадства прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлу. Бок пазоўніка прадстаўляе адвакат Наталля Мацкевіч.
Перад тым, як выказацца па сутнасці скаргі, Ганна Красуліна хадайнічала аб далучэнні да справы двух артыкулаў у СМІ: пра дзяржаўную каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга (TUT.BY) і артыкулу, які змяшчае каментар кіраўніка дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС наконт яе высылкі. Аднак суддзя не палічыла гэтыя артыкулы датычнымі да справы і адхіліла хадайніцтва.
Затым Ганна Красуліна зачытвала тэкст сваёй скаргі, папярэдзіўшы суд, што калі скарга не будзе задаволеная, то яна пойдзе ў касацыйныя інстанцыі.
Падчас выступу Красуліна распавяла пра сваю сям’ю, бацькоў, пра ўласны стан здароўя (яна мае трэцюю групу інваліднасці). Прэс-сакратарка АГП звярнула ўвагу на тое, што ў выпадку яе высылкі яе хворыя бацькі застануцца без падтрымкі, а яе мужу будзе нерэальна ўтрымліваць і дзяцей тут ў Мінску, і яе за мяжой.
Па словах Красулінай, яна мае ў Беларусі сталыя сацыяльныя сувязі, любіць і паважае культуру і гісторыю краіны.
- Перад пачаткам судовага паседжання 18 снежня. На першай лаве - прадстаўнікі АГіМ УУС Маскоўскага раёна Мінска
Пасля выступу Красулінай выступіў прадстаўнік аддзелу па грамадзянству і міграцыі, старшы інспектар Філіп Карацюпа. Ён заявіў, што скаргу Красулінай не прызнае і не лічыць абгрунтаванай. Ён нагадаў пра тыя парушэнні, якія і сталі падставай для прыняцця рашэння па высылцы: гэта два штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і адзін штраф за безбілетны праезд. Пры гэтым Кацюпа адзначыў, што быццам бы адзін з двух штрафаў за удзел у масавых мерапрыемствах у Красулінай не аплочаны. Гэта выклікала бурную рэакцыю Красулінай, бо яна той штраф аплочвала і мае на руках адпаведную квітанцыю. Для вырашэння спрэчнай сітуацыі было прынята рашэнне далучыць яе да матэрыялаў справы.
На якіх падставах у аддзеле па грамадзянству і міграцыі прымалі рашэнне аб высылцы Красулінай? Варанцоў спрабаваў патлумачыць, што быццам праводзілась праверка, падчас якой старанна вывучалася сітуацыя ў сям’і Красулінай, яе біяграфія, і пасля гэтага было прынята рашэнне аб высылцы менавіта на адзін год. Адвакат Красулінай Наталля Мацкевіч спрабавала даведацца ў Кацюпы, якія крытэрамі звычайна кіруюцца ў іх аддзеле, калі прымаюць рашэнні аб высылцы. Аднак дакладнага адказу так і не прагучала. Таксама Карацюпа не змог растлумачыць, якія негатыўныя наступствы для грамадская бяспекі пацягне за сабой тое, што Красуліна застанецца ў Беларусі.
Прадстаўнік АГіМ адмовіўся адказваць на пытанне адносна таго, як часто замежных грамадзян правяраюць на прадмет здзяйснення правапарушэнняў.
На пытанне адвакаткі: “Ці разглядалі вы магчымасць іншых спагнанняў для яе?” Варанцоў шчыра адказаў: “У гэтым канкрэтным выпадку ішных варыянтаў не разглядалася”
Напрыканцы прадстаўнік АгіМ прызнаўся, у сваёй практыцы не меў раней спраў, падобных на гэту, а рашэнне па справе Красулінай прымаў не ён, а намеснік старшыні АГІН.
Пасля гэтага адвакат Мацкевіч падала хадайніцтва аб прыпыненні справы да таго моманту, пакуль Камітэт ААН па правах чалавека не прыме рашэнне па скаргах Красулінай на тыя два штрафы за ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія і сталі падставай для высылкі. Цікава, што прадстаўнікі АГіН не запярэчылі гэтаму хадайніцтву. Прадстаўнік грамадскасці Гары Паганяйла асобна адзначыў важнасць міжнародных механізмаў для абароны правоў чалавека, тым самым падтрымаўшы хадайніцтва аб прыпыненні справы. Але нягледзячы на згоду ўсіх бакоў, суддзя пасля перапынку адхіліла хадайніцтва.
Перад тым, як папярэдняе паседжанне скончылася, адвакат Мацкевіч хадайнічала аб разглядзе судом матэрыялаў праверкі і ліста №916 “для службовага карыстання”, з якімі раней не змагла азнаёміцца Красуліна. Таксама яна прасіла адкласці судовае паседжанне, каб Красуліна паспела азнаёміцца з матэрыяламі справы, а таксама выклікаць у суд таго супрацоўніка АгіН, які прымаў рашэнне аб высылцы. Усе гэтыя хадацніцтвы, акрамя першага, былі адхілены. А першае – задаволена напалову, у частцы магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі праверкі. Суддзя прызначыла наступнае паседжанне на 10.00 наступнага дня (19 снежня), адзначыўшы, што за адну гадзіну да яго пачатку (то бок з 9 да 10) і суд, і Красуліна паспеюць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, якія да 9 раніцы мусіць прадставіць адказнік.
Нагадаем, што пра высылку з краіны прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна даведалася 13 лістапада ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Мінску. Ва УУС Маскоўскага раёну, куды Красуліну скіравалі пасля, ёй зачыталі дакумент, паводле якога «2.11.2018 на адрас Маскоўскага РУУС паступіла паведамленне за нумарам 916 ДСК». 30 лістапада ва УУС Маскоўскага раёна пакінулі ў сіле рашэнне аб высылцы, пасля чаго яна звярнулася ў суд.
Некалькі дзён таму праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала адмяніць усе раней вынесеныя рашэнні аб высылцы Ганны Красулінай з тэрыторыі Беларусі і неадкладна спыніць працэдуру высылкі.
Крыніца: Суд па скарзе Ганны Красулінай на рашэнне аб яе высылцы. Дзень першы