У судзе Ленінскага раёна Гародні 20 снежня разглядаецца справа актывіста Мікалая Саляніка. Яго вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а насамрэч за тое, што на мiнулы суд прыйшоў у турэмнай робе з калодкай.
Нагадаем, 22 лістапада Мікалай Салянік з'явіўся ў суд Ленінскага раёну ў паласатай турэмнай робе. На шыі у яго быў металёвы ашыйнік, да якога прыкуты ланцуг. На ланцугу была замацаваная калодка. Мікалая Саляніка разам з людзьмі, якія прыйшлі яго падтрымаць, прапусцілі ў будынак суду. Але ў залу судовага паседжання Мікалая Саляніка не пусцілі па той фармулёўцы, што ён у "ненадлежащем виде". Адбылася слоўная перапалка Мікалая Саляніка з прадстаўнікамі Ленінскага РАУС і міліцыянтамі з Ленінскага раённага суду.
У выніку ў фае суду выйшла сакратарка суддзі Руслана Гурына, якая паведаміла, што разгляд адміністрацыйнай справы 22 лістапада не адбудзецца. Судовае паседжанне перанесена на 26 лістапада.
Пазней на Саляніка быў складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.