Пры садзеянні ПЦ "Вясна" ва ўкраінскім горадзе Чаркасы з 19 па 21 снежня адбываецца сустрэча па абмену досведам прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Украіны з беларускімі грамадскімі актывістамі.

  Як адзначае светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова, у аўторак, 19 снежня былі праведзены тры сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый: "Молода Черкащина", "Промолодзь" і моладзевай грамадскай рады.

Прадстаўнікі ўкраінскай грамадскасці падзяліліся станоўчым досведам сваёй дзейнасці: ўдзелу ў выбарчых кампаніях, рэфармаванні і функцыянаванні органаў мясцовага самакіравання, дэцэнтралізацыі мясцовых уладаў.

“Цікавым быў досвед падтрымання моладзевых ініцыятыў у Чаркасах для рэалізацыі ідэй развіцця гарадской прасторы і бізнесу. Асабліва карыснай  для дзейнасці грамадскай  экалагічнай ініцыятывы са  Светлагорска стала сустрэча з  намеснікам старшыні моладзевай грамадскай рады Чаркас, эколагам Сяргеем Шмыгалём. Цікавая размова мела практычны вынік - ёсць папярэднія дамоўленасці пра сумесную работу па рашэнні экалагічных праблем,” – дзеліцца светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова.

Праваабаронцы з Магілёва і Светлагорску таксама папрысутнічалі на пасяджэнні камітэта даступнасці ў гарадской радзе Чаркасаў.

Алена Маслюкова адзначае вялікую розніцу з беларускай рэчаіснасцю:

“Падчас наведвання гэтай установы вельмі ўразіў нашую дэлегацыю дэмакратычны падыход да вырашэння праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Асабліва прыемным  быў той факт, што ў будынак гарадской рады можна абсалютна вольна ўвайсці, не падвяргаючыся кантролю з боку прадстаўнікоў сілавых структур. Гарадская рада Чаркашыны існуе не як месца для чынавенства, а як месца , куды жыхары горада ідуць вырашаць свае праблемы.Там відавочна, што не людзі існуюць для чыноўнікаў, а наадварот – чыноўнікі для людзей. І гэта адбываецца таму, што іх выбірае народ, а не прызначае прэзідэнт. Рада выглядала месцам, дзе відавочна бурліць актыўнае грамадскае жыццё, дзе людзі адчуваюць сябе гаспадарамі, упэўнена і разняволена, маюць магчымасць вольна перамяшчацца па будынку, фатаграфавацца, размаўляць з чыноўнікамі на роўных”.

На другі дзень працы грамадскія актывісты паўдзельнічалі ў турыстычным форуме-2018 “Адкрываем Чаркашыну зараз!". Пытанні, якія турбавалі ўдзельнікаў форуму, разнастайныя – ад распрацоўкі брэнд-стратэгіі да выгодаў аб'яднання ў турыстычныя кластеры. Удзельнікі вялі размову пра тое, як адшукаць рызыку, якая будзе вабіць турыстаў і прыносіць прыбытак бюджэту горада.

Беларускія актывісты наведалі мясцовую тэлерадыёкампаніі. Олена Баніна, прадзюсарка грамадскага тэлебачання "UA: Рось" распавяла як адбываецца зараз рэфармаванне дзяржтэлебачання.

“Яно стала грамадскім, забаранілі даваць ацэнкі асвятляемым падзеям, у навінах скрыта рэкламаваць дзейнасць чынавенства таксама забаронена. Цікава было пабачыць радыё і тэлестудыі, паглядзець, як робяцца перадачы, як працуюць рэдактары, аператары, вядучыя. Варта адзначыць, што большасць праграм вядзецца ў прамым эфіры,” – дзеліцца ўражаннямі светлагорская праваабаронца.

Праца працягваецца.

Крыніца: "Тут не людзі існуюць для чыноўнікаў, а наадварот – чыноўнікі для людзей"