Як паведамляе БАЖ, 27 снежня ў 14.30 у судзе Савецкага раёна Мінска адбудзецца асноўнае судовае пасяджэнне паводле пазову аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі бізнесоўца Леаніда Зайдэса да недзяржаўнай агульнанацыянальнай беларускамоўнай газеты «Новы Час» і журналіста Дзяніса Івашына.
Леанід Зайдэс, адзін з уласнікаў сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплекса «Поедем Поедим» (колішні «Бульбашъ-холл»), патрабуе спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 8000 беларускіх рублёў: 5000 з выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства “Час навінаў” — выдаўца газеты «Новы Час» і 3000 з журналіста Дзяніса Івашына.
Прычынай сваіх маральных пакутаў, як вынікае з пазову ў суд ад 20 лістапада, ён лічыць публікацыі з цыкла журналісцкіх расследаванняў Дзяніса Івашына. Журналіст-расследавальнік раскрыў схему пабудовы, а таксама выявіў большасць асобаў і юрыдычных структур, якія, паводле ягонага меркавання, датычныя да будаўніцтва рэстараннага комплекса каля гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты».
У першай частцы цыкла, апублікаванай 13 чэрвеня 2018 года, пазоўнік патрабуе абвергнуць словы:
“Пазасталымі патрнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthon Realty LLC і Bealcy Investments Ltd”.
Апроч гэтага Зайдэс патрабуе абвергнуць інфармацыю, размешчаную на сайце “Новага Часу” 19 ліпеня 2018 года да відэарэпартажа пра прэс-канфэрэнцыю Івашына. Бізнесовец мае прэтэнзіі да наступных слоў у публікацыі: “Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Зайдэса і Сурыса вядзецца крымінальная справа за траты…”.
«Менавіта будаўніцтва побач з Курапатамі, якое паводле прадстаўлення Генпракуратуры РБ з 17 лістапада 2012 года было кваліфікаванае як з парушэннем закона, і спрычынілася непасрэдна да сапсавання дзелавой рэпутацыі, нівелявання гонару й годнасці Леаніда Зайдэса. Ягонае імя разам з імёнамі іншых забудоўнікаў назаўжды будзе асацыявацца з размяшчэннем забаўляльнага комплекса з гулянкамі і феерверкамі каля найвялікшага ў Беларусі чалавечага магільніка з дзясяткамі тысяч ахвяр сталінскага рэжыму. Пра які гонар і годнасць можа ісці гаворка, калі нацыянальная гістарычная памяць свайго ж народу растаптаная жарсцю камерцыйнай нажывы?» – зазначыў Дзяніс Івашын у каментары карэспандэнту Службы маніторынгу ГА «БАЖ».
Папярэдняе судовае пасяджэнне адбылося 17 снежня, на якое пазоўнік Леанід Зайдэс не прыйшоў.
Пазоў разглядае намесніца старшыні суда Савецкага раёна Мінска Вераніка Абрамовіч.
Яна ж вяла судовы працэс па справе аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Аркадзя Ізраілевіча супраць «Новага Часу» і Дзяніса Івашына. Бізнес-партнёр Леаніда Зайдэса, патрабаваў у якасці маральнай кампенсацыі за публікацыю пра яго інфармацыі ў журналісцкіх расследаваннях спагнаць з рэдакцыі газеты і журналіста – 40 тысячаў і адну тысячу рублёў адпаведна. Тады па выніках слухання справы пазоў Ізраілевіча суддзя адхіліла.
Крыніца: Суд па справе супраць "Новага Часу" адбудзецца ў Мінску