Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

  • у месцах пазбаўлення волі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны;
  • 19 снежня суд Маскоўскага р-на г. Мінска разгледзеў і задаволіў скаргу грамадзянкі Расійскай Федэрацыі, прэс-сакратаркі АГП Ганны Красулінай на рашэнне УУС Маскоўскага р-на г. Мінска аб высылцы. Раней праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай, у якой запатрабавалі неадкладна адмяніць усе раней прынятыя рашэнні дзяржаўных органаў Беларусі аб высылцы з краіны Ганны Красулінай, расцаніўшы падобныя дзеянні ўладаў Беларусі як элемент палітычна матываванага пераследу Красулінай;
  • на працягу месяца былі зафіксаваныя шматлікія факты ціску на незалежных журналістаў-фрылансераў і блогераў, факты затрыманняў удзельнікаў мірных сходаў;
  • РУУС Кастрычніцкага р-на г. Магілёва ў сваім пісьмовым адказе на заяву сябра ПЦ “Вясна” Алеся Буракова пацвердзіла факт правядзення ў дачыненні да яго праверкі па арт. 193.1 КК у сувязі з ажыццяўленнем ім дзейнасці ад імя незарэгістраванага ПЦ “Вясна”;
  • 19 снежня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у другім чытанні прыняла праект закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, у якім прадугледжваецца выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкула 193.1 і ўвядзенне ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях новага артыкула 23.88 з аналагічным зместам, дзе будзе прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічынь, што, на думку праваабаронцаў, таксама з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды асацыяцыяў;
  • у снежні зафіксаваныя парушэнні свабоды сумлення і веравызнання;
  • на працягу месяца ПЦ “Вясна” былі зафіксаваныя факты катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да грамадзян;
  • такім чынам, сітуацыя з правамі чалавека цягам месяца істотна не палепшылася.

У папраўчай калоніі ў г. Горкі працягваў знаходзіцца палітвязень Міхаіл Жамчужны.

6 снежня ў час правядзення ў г. Менску семінара «Грамадскі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сістэмы», арганізаванага Міністэрствам юстыцыі і інфапунктам Савета Еўропы, старшыня рэспубліканскай назіральнай камісіі і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Краўчанка заявіла журналістам, што звесткі пра тое, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць) змяшчае Міхаіла Жамчужнага ў невыносных умовах, не адпавядаюць рэчаіснасці. Каментуючы заявы праваабаронцаў пра тое, што Жамчужнаму ў калоніі спрабуюць навязаць неафіцыйны “нізкі статус”, старшыня камісіі сказала, што гэта няпраўда.

На рэпліку аб тым, што Жамчужнага часта і надоўга змяшчаюць у штрафны ізалятар, Краўчанка сказала, што ён не хоча адтуль выходзіць. Таксама Краўчанка паведаміла журналістам, што яна і ГНК асабіста сустракаліся з асуджаным, аднак дадзены факт абвяргаецца праваабаронцамі, у тым ліку і непасрэдна сябрам Магілёўскай ГНК, праваабаронцам Барысам Бухелем. Раней Т. Краўчанка сама пісьмова паведамляла пра тое, што сустрэча ГНК з М. Жамчужным не адбылася.

19 снежня суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзеў і задаволіў скаргу прэс-сакратаркі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на рашэнне УУС Маскоўскага раёна аб яе высылцы з Беларусі.

Нагадаем, што пра высылку з краіны прэс-сакратарка АГП, грамадзянка Расійскай Федэрацыі Ганна Красуліна даведалася 13 лістапада ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна Мінска. Ва УУС Маскоўскага раёна, куды Красуліну накіравалі пасля, ёй зачыталі дакумент, згодна з якім “2018/11/02 у адрас Маскоўскага РУУС паступіла паведамленне пад нумарам 916 ДСК” (для службовага карыстання). Прычынай для высылкі, паводле звестак МУС, сталі адміністрацыйныя правапарушэнні — два факты прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў 2016 і 2017 гг. па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і адзін штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце у 2018 г. У сувязі з прыцягненнем Красулінай да адказнасці за ўдзел у мірных сходах, яна звярнулася з індывідуальным зваротам у КПЧ ААН. Зварот быў зарэгістравана і па ім пачалася камунікацыя КПЧ з урадам Беларусі.

30 лістапада ГУУС Мінгарвыканкама пакінула ў сіле рашэнне аб высылцы, пасля чаго Красуліна звярнулася ў суд.

Праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай, у якой запатрабавала адмяніць усе раней вынесеныя рашэнні аб высылцы Ганны Красулінай з тэрыторыі Беларусі і неадкладна спыніць працэдуру высылкі.

Распачатае выкананне палітычна матываванага прысуду ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП: 19 снежня спецыялістка КВІ Фрунзенскага раёна Мінска Бычкова азнаёміла Ігара Комліка з умовамі адбыцця абмежавання волі; Ігар Комлік абавязаны знаходзіцца ва ўласнай кватэры штодня з 21 гадзіны да 6-й раніцы. У любы час дня і ночы дахаты да асуджанага могуць прыйсці АМАП, участковы або любы упаўнаважаны прадстаўнік МУС. Калі раптам Комлік спіць, родныя абавязаны яго абудзіць і “прадставіць правяраючым”.

Як піша praca-by.info, у святочныя і выхадныя дні Ігар Комлік абавязаны неадлучна знаходзіцца ў кватэры, за выключэннем экстранных выпадкаў; нельга адлучацца нават у краму альбо выгуляць сабаку каля дома. Хоць, згодна з правіламі адбывання пакарання, інспекцыя можа дазволіць асуджанаму знаходзіцца на “прыдамавой тэрыторыі”, аднак гэта больш тычыцца жыхароў прыватных дамоў, па сцвярджэнні інспектаркі.

Ціск на праваабаронцаў

Сябра ПЦ “Вясна” з Магілёва Алесь Буракоў атрымаў адказ на сваю заяву з нагоды правядзення праверкі ў рамках КПК з мэтай высвятлення неабходнасці ўзбуджэння ў дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 193.1 КК па факце дзейнасці ад імя незарэгістраванага ПЦ “Вясна”.

У сваёй заяве праваабаронца паказваў, што 8 лістапада ў яго адбылася сустрэча з оперупаўнаважаным Паўлам Катом, у працэсе якой ён даведаўся, што праверка была распачатая яшчэ 8 кастрычніка. Падставай для яе паслужыла інфармацыя аб тым, што Алесь Буракоў з'яўляецца адміністратарам сайта mspring.online, які з'яўляецца адным з інфармацыйных рэсурсаў пазбаўленага ўладамі рэгістрацыі ПЦ “Вясна”.

Начальнік аддзела ўнутраных справаў Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Магілёва А. Сільвановіч у адказе ўказаў, што заява Алеся Буракова далучаная да матэрыялаў праверкі, а сама праверка прыпыненая ў адпаведнасці з п. 2 ч. 1 арт. 173-3 КПК — праз “неатрыманне вынікаў экспертызы або праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці”.

Раней праваабаронцы “Вясны” выступілі з заявай у падтрымку Алеся Буракова і па-ранейшаму патрабуюць неадкладнага спынення правядзення праверкі ў дачыненні да яго. Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў таксама асудзіла ціск на Алеся Буракова.

11 траўня Саветам міністраў унесены ў парламент праект закона Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь”, у якім прадугледжваецца выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкула 193.1 і ўвядзенне ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях новага артыкула 23.88 з аналагічным зместам, дзе будуць прадугледжаны штрафныя санкцыі ў памеры да 50 базавых велічынь, што, на думку праваабаронцаў, таксама з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды асацыяцый. 19 снежня праект закона прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні.

Парушэнні права на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў

2 снежня днём група маладых людзей на чале з анархістам Вячаславам Касінеравым ўсклала да скульптуры гарадавога, што насупраць будынку МУС, пахавальны вянок з надпісам «Іміджу МУС». Вячаслава Касінерава і Сяргея Спарыша аштрафавалі на 735 рублёў (30 базавых велічыняў) кожнага.

У Міжнародны дзень правоў чалавека затрыманыя актывісты БСДП Алесь Абрамовіч і Сяргей Падзолка, якія выйшлі да Палаца Рэспублікі з плакатамі “Улада парушае нашы правы” і “Невыкананне правоў чалавека вядзе да рабства. Свабоду СМІ! Свабоду журналістам!”.

У снежні суддзя Вікторыя Шабуня аштрафавала на 15 базавых велічынь ўдзельніка акцыі «Дэканструкцыя міліцыянта», якая прайшла ў 28 лістапада ў Мінску: у гандлёвым цэнтры студэнты акцёрскай студыі ў спецыяльных мундзірах з пагонамі ў колерах вясёлкавага сцяга спынялі людзей за «неадпаведны настрой», пыталіся пра усмешкі, танчылі і раздавалі свісткі.

18 лістапада блогеры YouTube-канала «Топавы Пінск» вырашылі сустрэцца са сваімі падпісантамі. На сустрэчу прыйшлі некалькі сотняў падлеткаў. Блогеры залезлі на пастамент каля помніка Леніна, пастаялі, паказалі жывога гусака, пагутарылі з фанатамі, фатаграфаваліся, школьнікі знялі на відэа блогераў, а потым усе разышліся. Суд ацаніў парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у 20 базавых велічынь штрафу кожнаму з двух арганізатараў. Пасля мерапрыемства ў навучальных установах горада Пінска настаўнікам было даручана правесці татальныя праверкі — хто з вучняў з'яўляецца падпісантам канала — і падаць пра гэта звесткі.

Суддзя Лагойскага раёна Аксана Сарахман 18 снежня разгледзела адміністрацыйную справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП у дачыненні да старшыні “Маладога фронту” Дзяніса Урбановіча. За ўдзел у акцыі “Ноч расстраляных паэтаў”, дзе ён “дэманстратыўна ажыццяўляў нанясенне удараў у звон” актывіст аштрафаваны на 40 базавых велічынь.

22 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска штрафамі ў 490 рублёў пакараныя ўдзельнікі акцыі ў падтрымку захопленых у палон ўкраінскіх маракоў, якая праходзіла каля амбасады РФ, падчас якой удзельнікі прынеслі з сабой і ўсталявалі на агароджу папяровыя караблікі. Сярод удзельнікаў акцыі — непаўналетнія, чые справы будуць разглядаць камісіі па справах непаўналетніх.

З 1 снежня ўступілі ў сілу непапулярныя змены ў закон аб СМІ, якія замахваюцца, у тым ліку, на свабоду меркаванняў: уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў абавязаныя ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, якія размяшчаюць на інтэрнэт-сайтах інфармацыйныя паведамленні або матэрыялы, пакідаюць свае каментары. Гэта істотна абмяжоўвае свабоду слова, паколькі выключэнне ананімнасці ў цяперашніх умовах Беларусі звужае магчымасці выказаць непапулярныя меркаванні, выступаць з крытыкай існуючай улады, выказвацца ў абарону або ад імя стыгматызаваных груп насельніцтва ці меншасцяў.

Суддзя Марыя Ярохіна з суда Фрунзенскага раёна г. Мінска пакарала штрафам у 40 базавых велічынь актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Яму паставілі ў віну выкарыстанне забароненай сімволікі. Аднак кантэкст выкарыстання быў прама процілеглы — у сілу сваіх перакананняў Мікалай выступае як раз супраць праяваў нацызму.

Парушэнне права на інфармацыю. Пераслед журналістаў

Згаданыя змены ў закон аб СМІ істотна пашыраюць падставы для пазасудовага блакавання інтэрнэт-сайтаў, а таксама ўскладаюць на ўладальнікаў сеткавых рэсурсаў поўную адказнасць за змест інфармацыі на сайце, уключаючы каментары і рэкламныя банеры.

У судзе Першамайскага раёна Мінска 14 снежня па артыкуле 22.9 ч. 2 КаАП, то бок, за «незаконны выраб прадукцыі СМІ», аштрафаваныя пяць журналістаў, якіх абвінавачваюць у супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат»: Вольга Чайчыц, Сяргей Кавалёў, Любоў Лунёва, Ірына Арэхоўская і Сяргей Краўчук.

Журналістка «Новага Часу» Дзіяна Серадзюк пакараная штрафам у 490 рублёў за асвятленне акцыі з папяровымі караблікамі каля амбасады РФ: суддзя Іван Касцян палічыў яе ўдзельніцай акцыі.

Парушэнне права на свабоду сумлення і веравызнання

У адпаведнасці з заканадаўствам, у Беларусі пераследуецца дзейнасць суполак вернікаў без рэгістрацыі. Аднак рэгістрацыю суполкам вернікаў атрымаць няпроста: да іх прад'яўляюцца завышаныя патрабаванні (у свой час гэта ўжо было прадметам разгляду Камітэта па правах чалавека ААН). Так, у Мінску ўжо другі год не можа атрымаць рэгістрацыю пяцідзесятніцкая царква «Хай будзе воля Твая»; да яе ўладамі прад'яўляюцца завышаныя ў параўнанні з агульнапрынятымі міжнароднымі стандартамі патрабаванні. Дзесяць суполак Сведак Іеговы не могуць атрымаць рэгістрацыю; у Барысаве абшчына зрабіла ўжо 16 спробаў за дваццаць гадоў, суполка ў Вілейцы атрымала на працягу 2017 года 6 адмоваў.

Вернікі могуць быць пакараныя штрафамі за распаўсюд рэлігійнай літаратуры і рэлігійныя спевы, чытанне рэлігійных тэкстаў за межамі культавых будынкаў; суполкам за такія дзеянні пагражаюць ліквідацыяй.

У Лепелі за спевы і распаўсюджванне хрысціянскай літаратуры каля мясцовага рынку былі затрыманыя баптысцкія вернікі — муж і жонка Андрэй і Таццяна Фокіны. Штраф для сям'і склаў 1 200 рублёў.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2018