Бярозаўскія праваабаронцы зноў паднялі пытанне пра пашырэнне месцаў для масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне.
Як паведамляе Беларускае Радыё Рацыя, у апошнія дні снежня яны звярнуліся да ўладаў Бярозаўскага раёна з прапановай унесці змены ў рашэнне выканкама пра правядзенне масавых мерапрыемстваў у раёне з мэтай пашырэння гэтых месцаў.
Кажа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:
– Паколькі на сённяшні дзень, канкрэтна ў горадзе Бярозе, вызначана толькі адно месца для правядзення пікетавання і мітынгаў – гэта стадыён у Паўночным гарадку, на ўскрайку горада, дзе фактычна амаль не бывае людзей. У мінулым годзе пасля нашага звароту, калі мы папрасілі іх павялічыць колькасць, то яны з двух стадыёнаў, цэнтральнага і ў Паўночным гарадку, пакінулі толькі стадыён у Паўночным гарадку.
Паводле Сяржука Русецкага, пакуль што слабая надзея, што бярозаўскія ўлады вырашаць пытанне дэмакратычна. Але з часам пры нашых намаганнях зменіцца не толькі рашэнне мясцовай улады, а і сам Закон “Аб масавых мерапрыемствах”. Ён будзе адпавядаць тым міжнародным стандартам, якія падпісала ў свой час Беларусь.
Крыніца: Бяроза: Ці павялічаць колькасць месцаў для правядзення масавых акцый?