Ілюстрацыйнае фота з сайта pikabu.ru Разам з актывістамі, якіх 4 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля скульптуры гарадавога ў Мінску, у аддзяленне міліцыі патрапіў вядомы журналіст і пісьменнік Максім Клімковіч. Спачатку ўсіх чатырох затрыманых даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёна, затым адвезлі ў Маскоўскі РУУС, беспадстаўна пратрымаўшы там больш за 4 гадзіны.

Пасля вызвалення з Маскоўскага РУУСа Мінска журналіст Максім Клімковіч заўважыў, што адна з сім-карт ягонага смартфона не працуе, а другая ўвогуле адсутнічае. Пазней высветлілася, што правааахоўнікі яе выцягвалі, а затым груба ўткнулі ў гняздо адваротным бокам, пашкодзіўшы кантакты.

Жонка журналіста Ірына Клімковіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку раіць тым, хто патрапіць у падобную сітуацыю наступнае: у вопісі рэчаў пры іх часовай канфіскацыі пры затрыманні звяртаць увагу, ці пазначаюць праваахоўнікі, акрамя апісання мадэлі тэлефона тое, што ён быў з сім-картамі на канкрэтныя нумары.

“У майго мужа пасля выхаду з Маскоўскага РАУС высветлілася – працоўная сімка з тэлефона проста скрадзеная праваахоўнікамі, а іншая – вынутая і гвалтам ўстаўленая дупай наперад у гняздо, чым гняздо пашкодзіла. Таму і ня мог ён звязацца з калегамі журналістамі. З гэтай сітуацыі парада: калі ў вас канфіскуюць сродкі сувязі, апаратуру – заўсёды патрабуйце ўказваць у спісе свае сімкі”, - піша Ірына.

На жаль, сітуацыя, у якую патрапіў журналіст Максім Клімковіч, нярэдкая: праваабаронцам вядомыя іншыя выпадкі, калі па вызваленні з аддзяленняў міліцыі ў актывістаў узнікаюць праблемы з мабільнымі тэлефонамі, у якіх пакорпаліся “спецыялісты” ў пагонах. Таму, каб пазбегнуцць падобнай сітуацыі, варта прыслухацца да парады  Клімковіч, каб потым можна было абскардзіць супрацьпраўныя дзеянні міліцыі.

Крыніца: “Майстры ў пагонах” з Маскоўскага РУУСа пазбавілі журналіста мабільнай сувязі