Апеляцыйная інстанцыя пакінула без зменаў прысуд, паводле якога актывіст анархісцкага руху пакараны штрафам за перформанс са статуяй гарадавога насупраць будынку МУС. Прысуд уступіў у законную сілу.
Скаргу Вячаслава Касінерава на прысуд суда Маскоўскага раёна 16 чэрвеня разгледзела калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда ў складзе суддзяў Алены Ананіч, Сяргея Бандарэнкі пад старшынствам Таццяны Ермаловіч. Бок абвінавачання прадстаўляла пракурор Вольга Герасімовіч.
Назіральнік “Вясны” зафіксаваў, што на разгляд скаргі суддзям спатрэбілася ўсяго 17 хвілінаў: у 10:23 пачаўся працэс, у 10:40 яны ўжо пайшлі радзіцца. Хадайніцтваў у працэсе заяўлена не было, сведак не выклікалі.
З рашэннем суддзяў апеляцыйнай інстанцыі актывіст не згодны, паколькі лічыць прысуд суда Маскоўскага раёна ад 27 красавіка гэтага года пра пакаранне яго штрафам незаконным і неабгрунтаваным.
"Прыцягненне мяне да крымінальнай адказнасці за мірнае выказванне свайго меркавання, якое не ўчыніла шкоды ні іншым грамадзянам, ні грамадству ў цэлым, ні чужой маёмасці, з'яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабодаў і скіраванае не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкодаў у ажыццяўленні мною сваіх канстытуцыйных правоў", - тлумачыў ён сваю пазіцыю ў скарзе ў Мінгарсуд.
Паколькі пасля вынясення рашэння апеляцыйнай інстанцыяй прысуд уступіў у законную сілу, Касінераў намераны абскарджваць яго ў парадку нагляду.
Нагадаем, крымінальная справа супраць Вячаслава Касінерава была ўзбуджаная па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 г. насупраць будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла, што расцэньвае крымінальны пераслед Касінерава як непрапарцыйна жорсткую рэакцыю ўладаў на яго ўчынак, абумоўленую помстай органаў міліцыі, і прызнала актывіста палітычным зняволеным падчас утрымання пад вартай да суда.
Крыніца: Мінгарсуд не прызнаў адсутнасці крымінальнага злачынства ў дзеяннях Вячаслава Касінерава