Сустрэча ў Наваполацку з Амбасадарам Французскай Рэспублікі ў Беларусі Дзідзье Канэсам. Сустрэча грамадскіх актывістаў з Наваполацка і Полацка з Амбасадарам Французскай Рэспублікі ў Беларусі Дзідзье Канэсам адбылася 15 студзеня. Мерапрыемства прайшло пры актыўным ўдзеле сябраў Наваполацкай філіі ПЦ “Вясна”.

У ходзе сустрэчы актывісты давялі інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека, якія найчасцей адбываюцца ў рэгіёне:  звальненні з працы за актыўную грамадска-палітычную дзейнасць, пераслед сябраў незалежных прафсаюзаў, пра адміністратыўныя бар’еры на шляху рэалізацыі права на мірныя сходы і інш.

Вольга Дамаскіна распавяла як яе звольнілі з пасады дырэктара Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я, у час, як яна балатавалася у Палату Прадстаўнікоў на выбарах 2016 года.

Па словах праваабаронцы “Вясны” Змітра Салаўёва, актывісты не абмінулі і  праблему са шкоднымі выкідамі ў паветра прадпрыемстваў “Палімір” і “Нафтан”, зазначыўшы  неабходнасць больш эфектыўных дзеянняў кіраўніцтва вышэйпералічаных заводаў, Мінпрыроды і гарадскіх уладаў па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў Наваполацку.

Было канстатавана, што хаця грамадскасць і мае права быць далучанай да працэсу прыняцця рашэнняў, датычных да экалагачных пытанняў, але, на вялікі жаль, дадзенае права ўладамі у шмат якіх выпадках не забяспечваецца.

Крыніца: Наваполацк: пра што казалі мясцовыя актывісты пад час сустрэчы з амбасадарам Францыі?