Гарадзенскі гарвыканкам афіцыйным лістом за подпісам намесніцы старшыні Зоі Кулешы адмовіў грамадскаму актывісту Ежы Грыгенчу ў правядзенні пікету.
Па інфармацыі “Гарадзенскай Вясны”, адзін з лідараў мясцовай арганізацыі АГП падаваў заяўку на правядзенне 27 чэрвеня ў вызначаным мясцовай уладай месцы – Каложскім парку – інфармацыйнага пікету. На ім меркавалася выступіць з прадстаўленнем распрацаванай партыяй АГП праграмы стварэння новых працоўных месцаў, а таксама з крытыкай сумнавядомага указу “аб дармаедах”.
Гарвыканкам не даў дазволу на правядзенне пікету на падставе таго, што заяўнік раней прыцягваўся да адміністрацыйнага спагнання за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Пры тым улады спасылаюцца на 6-ю частку артыкулу 4 Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Ежы Грыгенча лічыць такую адмову незаконнай, паколькі прымяніць гэтую трактоўку закона ў дачыненні да яго можна было б толькі ў тым выпадку, каб ён раней меў дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства і нешта парушыў. Да ўсяго Грыгенча лічыць, што раней як удзельнік мірных грамадскіх акцый ён нічога не парушыў, а толькі скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам на свабоду сходаў. Актывіст перакананы, што зноў сутыкнуўся з парушэннем гарадзенскай уладай канстытуцыйных правоў грамадзян.
Крыніца: Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў Ежы Грыгенчу ў правядзенні пікету