Пасля завяршэння жалобнай акцыі ў гонар Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага ў Мінску 22 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі дваіх удзельнікаў ушанавання.
Вечарам ля помніка Тарасу Шаўчэнкі, што побач з амбасадай Украіны, сабралася каля дзесятка актывістаў, якія ўсклалі кветкі і запалілі знічы ў гонар Міхаіла Жызнеўскага. Затым яны праспявалі «Магутны Божа» і гімн Украіны.
Прыкладна каля 20 гадзін вечара, калі ўдзельнікі ўшанавання пачалі разыходзіцца, на праспекце Незалежнасці супрацоўнікі міліцыі гвалтоўна затрымалі Дзяніса Урбановіча і Вольгу Мікалайчык і адвезлі іх у РУУС Цэнтральнага раёна.
Пазней праваабаронцы даведаліся, што актывістаў да суда змясцілі ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Меркавана сёння адбудзецца суд.
Беларус Міхаіл Жызнеўскі пяць гадоў таму адной з першых ахвяр Еўрамайдана, - піша БелаПАН. Дваццаціпяцігадовы актывіст партыі УНА-УНСО беларус Міхаіл Жызнеўскі ўваходзіў у самаабарону Майдана, удзельнічаў у ахове яго аб’ектаў, дзяжурыў у палатках, дапамагаў у працы УНА-УНСО. Быў забіты падчас супрацьстаяння на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. На месцы яго гібелі ўстаноўлены помнік. 13 чэрвеня 2017 года Жызнеўскі быў удастоены звання Героя Украіны (пасмяротна). Пахаваны на могілках вёскі Сцяг Працы Гомельскага раёна
Крыніца: За ўшанаванне памяці Героя Украіны Жызнеўскага ў Мінску затрымалі актывістаў