Рада ПЦ “Вясна”
Заява
Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 16 лютага 2019 г. у Брэсце супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы праваабаронца, сябра ПЦ “Вясна” Уладзімір Вялічкін.
Паводле папярэдняй інфармацыі ён абвінавачваецца ў здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а менавіта за нібыта ўдзел у мірным сходзе грамадзян, якія кожную суботу ў знак пратэста супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага прадпрыемства па вырабу акумулятарных батарэй, выходзяць на цэнтральную плошчу горада і кормяць галубоў.
Уладзімір Вялічкін ажыцяўляў маніторынг рэалізацыі грамадзянамі свабодаў мірных сходаў і выказвання свайго меркавання, гарантаваных Канстытуцыяй краіны і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, і ў сувязі з гэтым прысутнічаў на ўсіх мірных сходах, якія адбываюцца з гэтай нагоды ў горадзе.
Затрыманне міліцыяй Уладзіміра Вялічкіна з’яўляецца нічым іншым, як пераследам за ягоную праваабарончую дзейнасць.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, выказваем рашучы пратэст і патрабуем ад уладаў Рэспублік Беларусь:
- неадкладна спыніць пераслед праваабронцы і сябра ПЦ “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна ў сувязі з ажыцяўленнем ім легітымнай праваабарончай дзейнасці і зняць з яго ўсе прад’яўленыя абвінавачванні;
- гарантаваць грамадзянам магчымасць рэалізаваць свае свабоды на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання, у тым ліку і па экалагічных пытаннях г. Брэста, без ціску і пераследу з боку спецслужбаў;
- спыніць распачаты адміністратыўны працэсы ў дачыненні да затрыманага 16 лютага В. Казака і ўстрымацца ад падобных негатыўных практык у будучым.
Крыніца: Патрабуем неадкладна спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцы ПЦ "Вясна" Уладзіміра Вялічкіна