Адміністрацыйнага справа сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна разглядаецца ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Чакалася, што затрыманых даставяць у суд у першай палове дня, аднак прывезлі іх пасля 14 гадзін.
Суддзя Дзмітрый Шурын вынес пастанову аб прыцягненні праваабаронцы да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь.
"Негатыўна выказваўся ў бок уладаў, чым прыцягваў увагу грамадзян", - пазначана ў пратаколе правапарушэння.
Таксама разглядалася справа актывіста Віталя Казака. Яго пакаралі штрафам у 40 базавых велічынь (1020 рублёў).
Праваабаронцу вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – “кармленні галубоў”, якое адбылося ў Берасці 10 лютага.
Праваабаронца Уладзімір Малей паведамляе падрабязнасці затрымання Вялічкіна:
– Ён быў выкліканы ў міліцэйскі ўчастак у суботу, 16 лютага па позве. Калі ён прыйшоў, на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 лютага 2019 года. Уладзіміра Вялічкіна да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання
Таксама ў суботу быў затрыманы і змешчаны да суда ў ІЧУ яшчэ адзін актывіст пратэстных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода Віталь Казак.
"Брестская газета" паведамляе, што Віталю Казаку ў судзе прад'явілі «арганізацыю незаконнага масавага мерапрыемства ў не ўстаноўленым для гэтага месцы з прыцягненнем да правядзення гэтага мерапрыемства грамадзяніна замежнай дзяржавы» (арт. 23.34 КаАП). Суд вынес рашэнне пакараць яго штрафам за паўторнае на працягу года адміністрацыйнае правапарушэнне па дадзеным артыкуле - у 40 базавых велічынь (1 020 беларускіх рублёў).
А ў нядзелю, у 8 гадзін раніцы стала вядома, што ў горадзе Бярозе супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста і блогера Аляксандра Кабанава. Як вынікае з яго стрыма з фэйсбука, яго затрымалі за ўдзел у акцыі ў Брэсце 10 лютага. Для атрымання паказанняў яго завезлі ў Бярозаўскі РАУС. Супрацоўнікі міліцыі дадаткова паведамілі яму, што яго хочуць апытаць пакуль у якасці сведкі. Пасля апытання Кабанаў быў адпушчаны.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96