Грамадскае аб'яднанне «Экадом» праінфармавала Камітэт па выкананні Орхускай Канвенцыі * пра факты пераследу і аказання ціску на актывістаў і актывістак Брэста, якія змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
«Экадом» прадставіў у Камітэт інфармацыю пра факты пераследу, якія ўжываліся да грамадскасці і СМІ за ўвесь перыяд пратэстаў, у розных формах: грашовыя штрафы; афіцыйныя папярэджанні; пазасудовыя затрыманні, у тым ліку прэвентыўныя; адміністрацыйныя арышты; крымінальны пераслед, дыфамацыя; пагрозы і аказанне ціску.
Так, у дакуменце ўказваецца, што пачынаючы з 25 лютага 2018 году актывісты і мясцовыя жыхары кожную нядзелю ў 12:00 збіраюцца на плошчы імя Леніна ў Брэсце карміць галубоў і абмяркоўваюць пытанні будаўніцтва акумулятарнага завода. Па стане на 1 лютага 2019 года на працягу года былі пададзеныя 66 заявак на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне масавых мерапрыемстваў: 48 мітынгаў, 12 пікетаў і 6 дэманстрацый, аднак улады санкцыянавалі толькі адну акцыю, і толькі адна заява была задаволеная - 29 красавіка 2018 года адбыўся мітынг «Брэстчанкі супраць свінцу».
За ўвесь перыяд пратэстаў (па стане на 14 лютага) мясцовыя жыхары, жыхаркі, актывісты, праваабаронцы, а таксама журналісты былі:
- падвергнутыя накладанню штрафаў у агульнай суме 669 базавых велічынь (16 411 беларускіх рублёў і 50 капеек),
- тры чалавекі былі прыцягнутыя да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту - па 5 сутак кожнаму,
- спагнана судовых выдаткаў на суму 1 750 беларускіх рублёў.
Таксама супрацоўнікі міліцыі перыядычна выклікаюць удзельнікаў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода ў Ленінскі РАУС па нядзелях да 12.00, каб перашкодзіць ім удзельнічаць у мірных сходах.
«Мы хочам звярнуць увагу Камітэта на тое, што экалагічныя правы немагчыма паўнавартасна рэалізоўваць, калі ў краіне не забяспечаныя грамадзянскія і палітычныя правы. У Беларусі адсутнічаюць рэальныя механізмы ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў, і людзі, у тым ліку ў экалагічны сферы, спрабуюць выкарыстоўваць грамадзянскія і палітычныя правы - права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркавання, пасля чаго падвяргаюцца пераследу і ціску», - адзначае прадстаўніца ГА «Экадом» Марына Дубіна.
У адпаведнасці з палажэннямі Орхускай канвенцыі, кожны бок Канвенцыі "забяспечвае, каб асобы, якія ажыццяўляюць свае правы ў адпаведнасцi з палажэннямi дадзенай Канвенцыі, не падвяргаліся за сваю дзейнасць пакаранню, пераследам або ўціскам ў любой форме".
«Аднак механізму абароны актывістаў ад ціску і пераследу на дадзеных момант у рамках Канвенцыі не існуе. Разгляд паведамленняў на працягу некалькіх гадоў можа насіць незваротныя наступствы, і, такім чынам, не забяспечвае адэкватную абарону актывістаў.
Таму яшчэ ў 2017 годзе шэрагам экалагічных арганізацый уздымалася пытанне аб неабходнасці стварэння эфектыўнага і аператыўнага механізму рэагавання ў выпадках пераследу і аказання ціску на актывістаў», - падкрэслівае экспертка.
Пасля разгляду паведамлення, Камітэт па выкананні Орхускай Канвенцыі накіруе Беларусі па ім шэраг пытанняў, на якія дзяржава-удзельніца павінна будзе адказаць.
Нагадаем, у верасні 2017 года Сустрэча Бакоў Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН прызнала, што пераслед, запалохванне і ўціск праціўнікаў будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі з'яўляюцца парушэннем прынятых краінай абавязацельстваў. Беларусь стала першай краінай Канвенцыі, у дачыненні да якой быў прызнаны факт ціску на экаактывістаў.
Тады ж было вырашана, што Камітэт будзе прымаць да ўвагі любую атрыманую ад прадстаўнікоў грамадскасці або іншых крыніц інфармацыю аб будучых выпадках меркаваных пакаранняў, пераследаў або ўціску.
У рамках гэтай працэдуры "Экадом" у 2018 годзе ўжо інфармаваў Камітэт аб выпадках ціску на грамадзкасць за выказванне пазіцыі адносна будаўніцтва Брэсцкага акумулятарнага завода.
Аднак з тых часоў ціск на актывістаў не толькі не спыняўся, але і набыў сістэмны характар.
* Орхуская канвенцыя - канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя».
Беларусь з'яўляецца бокам Канвенцыі, г. зн. краінай, якая ратыфікавала яе і тым самым узяла на сябе адпаведныя абавязацельствы.
Канвенцыя з'яўляецца адзіным міжнародным пагадненнем, што надзяляе грамадскасць шырокімі канкрэтнымі правамі ў галіне ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступу да інфармацыі і правасуддзя па пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя.
Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі - орган, які ажыццяўляе пазасудовы кансультацыйны нагляд за выкананнем Канвенцыі.
Рашэнне 2017 года
У 2017 годзе Сустрэчай Бакоў Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН, было прынята рашэнне аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў, у якім прызнана, што факты затрыманняў, арыштаў, накладання штрафаў на праціўнікаў атамнай энергетыкі непасрэдна звязаныя з іх дзейнасцю і з'яўляюцца выпадкамі пакаранняў, пераследаў і ўціску актывістаў за іх дзейнасць, што забаронена артыкулам 3.8 Канвенцыі. (Дакументы, у тым ліку рашэнне VI/8c, даступныя на рускай мове на афіцыйным сайце Сустрэчы Бакоў.)
Дадзеным Рашэннем парушэннямі Канвенцыі былі прызнаныя затрыманні і арышты ўдзельнікаў "Беларускай Антыядзернай Кампаніі" Ірыны Сухій і Таццяны Новікавай, праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча, а таксама арышт і высылка з краіны расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага з забаронай на ўезд у Беларусь на працягу 10 гадоў.