Людміла Кучура звярнулася да прэзідэнта Беларусі, дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, Генеральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў па фактах ціску на яе мужа Пятра Кучура з боку адміністрацыі папраўчай калоніі №15 г. Магілёва.
Жонка асуджанага ўказвае, што ўжо другі год доўжацца злыбеды Пятра Кучуры: вынясенне надуманых спагнанняў з пераводам яго ў ШІЗА і потым у ПКТ, пазбаўленне пасылак і спатканняў, знішчэнне лістоў нібыта таму, што яны носяць цынічны характар і ўтрымліваць жаргонныя словы і інш.
Людміла Кучура лічыць, што такая сітуацыя склалася з прычыны поўнай беспакаранасці супрацоўнікаў калоніі і адсутнасці кантролю з боку вышэйстаячых органаў.
Яна прыводзіць у звароце храналогію пераследу яе мужа з боку адміністрацыі, у тым ліку ўказвае на тое, што ў дзень судовага паседжання па разглядзе скаргаў Пятра Кучуры на вынесеныя раней спагнанні - 8 лютага - сам начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка вынес два дадатковыя спагнанні: раніцай за няпоўны даклад па форме і ўвечары за нібыта неахайны выгляд і няголенасць.
«Раніцай, калі Лазарэнка А.В. перад судом аб'яўляў мужу спагнанне, ён не бачыў яго няголены і неахайны выгляд, а пасля суда ён раптам убачыў парушэнні. За гэта муж быў змешчаны ў ШІЗА на чацвёра сутак», - адзначае Людміла Міхайлаўна.
А ўжо 18 лютага Пётр Кучура быў змешчаны ў ШІЗА тэрмінам на 10 сутак за тое, што нібыта, шпацыруючы ў дворыку, які размешчаны ў ПКТ, меў зносіны з іншымі асуджанымі.
«З дадзеным спагнаннем муж не згодны. Ён ведае, што супраць яго настроены начальнік калоніі і што за ім пільна назіраюць. З іншымі асуджанымі ён практычна не кантактуе, бо баіцца правакацый», - падкрэслівае жонка асуджанага.
Яна лічыць, што змяшчэнне мужа ў ШІЗА было зроблена спецыяльна, каб ён не змог своечасова падаць апеляцыйную скаргу на рашэнне суда, бо тэрмін падачы мінае 26 лютага.
Акрамя таго, у сваім звароце Людміла Кучура паказвае і на тое, што 15 лютага яна атрымала адказ на сваю скаргу аб вяртанні пасылкі з сапсаванымі прадуктамі за подпісам першага намесніка начальніка УДВП па Магілёўскай вобласці Юрыя Талкачова, дзе ён з упэўненасцю паведамляе, што судом Кастрычніцкага раёна г. Магілёва пры разглядзе скаргаў Пятра Кучуры на спагнанні ў выглядзе пазбаўлення кароткатэрміновага спаткання і пераводу ў памяшканне камернага тыпу прынята рашэнне аб абгрунтаванасці і правамернасці прымянення спагнанняў да асуджанага, а скарга пакінутая без задавальнення.
Людміла Кучура абураная такім адказам, бо рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва яшчэ не ўступіла ў законную сілу і будзе абскарджана ў апеляцыйным парадку.
У сваім звароце жанчына просіць правесці праверку па выкладзеных ёю фактах, а таксама прыцягнуць да адказнасці начальніка папраўчай калоніі №15 Аляксея Лазарэнка за незаконныя дзеянні ў дачыненні да яе мужа аж да звальнення з пасады.
Чытайце таксама:
«Камуналка» за турэмную камеру амаль роўная «камуналцы» за трохпакаёвую кватэру ў Мінску
Крыніца: Людміла Кучура просіць прэзідэнта звольніць начальніка калоніі №15