26 лютага 2019 года ў Мінску адбылася акцыя салідарнасці "Свабоду палітвязням".
Высновы:
- Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" паводле Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайне, не ўжывалі і не правакавалі гвалт. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспекі, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
- У ходзе мірнага сходу адсутнічала магчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, бо ўсе яны былі ў грамадзянскай форме адзення, без ідэнтыфікацыйных знакаў. Знаходжанне супрацоўнікаў/ніц міліцыі на мірных сходах у грамадзянскай форме адзення не дазваляе ўдзельнікам/цам разумець іх функцыі і паўнамоцтвы, а таксама не спрыяе камунікацыях і эфектыўнаму рашэнню складаных або канфліктных сітуацый.
- Перашкодаў працы незалежных назіральнікаў і СМІ не зафіксавана, што з'яўляецца станоўчай практыкай. Варта адзначыць, што згодна з Кіруючымі прынцыпамі, маніторынг мірных сходаў з'яўляецца важнай крыніцай незалежнай інфармацыі аб паводзінах усіх бакоў сходу. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстаная рознымі спосабамі, у тым ліку, як аснова для дыялогу паміж уладамі, праваахоўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю. Справаздачы па назіранні дапамагаюць ацаніць эфектыўнасць дзеючага заканадаўства i паўнату выканання дзяржавай пазітыўных абавязацельстваў па абароне свабоды мірных сходаў.
- У назіральнікаў/ніц няма звестак аб падачы арганізатарамі заяўкі на правядзенне дадзенага сходу. Разам з тым, паколькі сход было нешматлікім, статычным і непрацяглым па часе, ён не патрабаваў дэталёвага ўзгаднення з уладамі і праваахоўнымі органамі. Аднак, папярэдняе паведамленне уладаў аб планаваным мірным сходзе, з'яўляецца добрай практыкай, якая спрыяе эфектыўнай камунікацыі ўсіх зацікаўленых бакоў.
- Падчас правядзення акцыі пратаколы за парушэнне дзеючага заканадаўства не складаліся. Не зафіксавана затрыманняў удзельнікаў/ц на самой акцыі.
- Са СМІ і сацыяльных сетак вядома пра затрыманні арганізатара акцыі П. Севярынца і некаторых актывістаў/ак перад акцыяй і ўдзельнікаў/ніц пасля акцыі. Недалёка ад месца правядзення акцыі быў затрыманы А. Чарняк, удзельніца акцыі В. Нікалайчык была затрыманая пасля акцыі ў сябе дома.
Метадалогія маніторынгу
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/цамі і журналістамі/камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/іц мірнага сходу, супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў/ц. Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання: незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны. Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/іц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам "# СontrolBY".
Папярэдняя інфармацыя
25 лютага ў сацыяльных сетках з'явілася інфармацыі аб правядзенні акцыі салідарнасці з людзьмі, якiя прызнаюцца палітычнымі зняволенымі форумам "Свабоду палітвязьням!". Арганізатары паведамляюць, што праінфармавалі пра акцыю амбасады некаторых заходніх краін. Дадзеных аб паведамленні беларускіх уладаў не прадстаўлена.
Падчас правядзення мірнага сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль чатыры назіральнікі/ніцы, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі пазначаныя належным чынам.
У 17:30 жонка Паўла Севярынца, аднаго з арганізатараў акцыі, паведаміла пра яго затрыманне на выхадзе з дому. Таксама адзначаны затрыманні грамадзянскіх актывістаў/ак напярэдадні акцыі. Днём раней, 25 лютага быў затрыманы актывіст Дзяніс Урбановіч. Раніцай 26 лютага актывістка Анастасія Гусева і актывіст Дзмітрый Паліенка паведамлялі аб выкліку ў РУУС, дзе і былі затрыманыя ў той жа дзень. Адсутнічае інфармацыя аб матывах затрыманняў актывістаў/ак, аднак агульны кантэкст і практыка прэвентыўных затрыманняў у Беларусі не спрыяюць рэалізацыі свабоды сходаў.
Падчас мірнага сходу былі адзначаны наступныя факты:
- Удзельнікі і ўдзельніцы пачалі збірацца на Кастрычніцкай плошчы каля 17:55. Яны стаялі тварам да праспекта Незалежнасці, трымалі ў руках партрэты, плакаты і расцяжку з тканіны. У акцыі ўзялі ўдзел не менш за 11 чалавек.
- На месцы мірнага сходу прысутнічала не менш за 13 супрацоўнікаў/ніц праваахоўных органаў у грамадзянскай форме адзення (апазнаць іх можна было па рацыях, слухаўках, ручных відэакамерах і іншых спецыфічных прыкметах). Некаторыя з іх здымалі тое, што адбываецца на ручныя відэакамеры. На бліжэйшых скрыжаваннях знаходзіліся двое супрацоўнікаў ДАІ ў форменным абмундзіраванні.
- Прадстаўнікі/ніцы СМІ (не менш за восем чалавек) мелі зносіны з удзельнікамі/цамі акцыі, здымалі тое, што адбываецца на фота- і відэакамеры, бралі інтэрв'ю. Удзельнікі/цы акцыі актыўна мелі зносіны са СМІ.
- Удзельнікі і ўдзельніцы выкарыстоўвалі лозунгі: "Свабоду Барановічу!", "Свабоду Валавіку!", "Свабоду Жамчужнаму!", "Свабоду Юркойцю!", "Свабоду Бойку!", "Свабоду Цехановічу!", "Свабоду Фядынічу", "Свабоду!", "Свабоду палітвязням", "Свабоду Хартыі 97", "Жыве Беларусь". Удзельнікі і ўдзельніцы выкарыстоўвалі плакаты з надпісамі: "Свабоду палітвязьням", тканкавую расцяжку з надпісам "Свабоду палітвязням", сцяг кампаніі Еўрапейская Беларусь, фотапартрэт Святаслава Барановіча, два фотапартрэты Генадзя Фядыніча з надпісам "Генадзь Федыніч Прафсаюз РЭП", фотапартрэт Ігара Комліка з надпісам "Свабоду Ігару Комліку", фотапартрэт С. Барановіча з надпісам "Свабоду Святаславу Барановічу", фотапартрэт Міхаіла Жамчужнага з надпісам "Свабоду Міхаілу Жамчужнаму".
- Каля 18.25 акцыя скончылася і ўдзельнікі/цы пачалі разыходзіцца.
Рэкамендацыі:
арганізатарам:
- апавяшчаць гарадскія ўлады пра запланаваны мірны сход.
супрацоўнікам/цам праваахоўных органаў:
- ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас мірных сходаў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
- прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/цамі мірнага сходу;
- не ініцыяваць прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах, паколькі гэта з'яўляецца адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека;
- не спаганяць аплату за паслугі аховы правапарадку пры рэалізацыі людзьмі права на мірны сход і права на выказванне меркавання;
- не затрымліваць арганізатараў і ўдзельнікаў/ніц перад і пасля акцый.
суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- ініцыяваць змены ў нацыянальнае заканадаўства для прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды сходаў.
органам выканаўчай улады:
- садзейнічаць рэалізацыі свабоды сходаў у Беларусі, не ўстанаўліваць празмерных адміністрацыйных працэдур, устрымацца ад адвольных абмежаванняў месцаў правядзення мірных сходаў, не патрабаваць аплаты за паслугі па ахове правапарадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборцы тэрыторыі пры правядзенні мірных сходаў.
камунальным і медыцынскім службам:
- не спаганяць аплату за свае паслугі пры рэалізацыі людзьмі права на мірны сход і права на выказванне меркавання.
органам судовай улады:
- не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у мірных сходах, паколькі гэта з'яўляецца адвольным абмежаваннем права на мірныя сходы, прадугледжанага міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у сферы правоў чалавека.
Крыніца: Справаздача па маніторынгу мірнага сходу 26 лютага ў Мінску Фота