Праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што Святаслава Барановіча, асуджанага за тое, што ўдарыў супрацоўніка міліцыі ў цывільным на прыпынку грамадскага транспарту, 17 лютага перавялі ў турму г. Жодзіна для адбыцця пакінутага тэрміну пакарання. Нагадаем, суд г. Наваполацка 15 лютага ў папраўчай калоніі №1 вырашыў перавесці Барановіча на турэмны рэжым адбыцця пакарання. Пакінутую частку тэрміна (1 год, 7 месяцаў і 6 дзён) Святаслаў Барановіч правядзе ў Жодзінскай турме.
Пра перавод Барановіча з калоніі ў турму не апавясцілі сястру. Хоць у мінулы раз начальнік Наваполацкай калоніі паведаміў блізкім сваякам Барановіча, што ён прыбыў туды для адбыцця пакарання.
Яго сястра Наталля распавяла "Вясне" аб тым, што ёй вядома пра стан брата:
«Можа, і да лепшага, што яго перавялі. Спадзяюся, у турме да яго паставяцца па-іншаму, больш чалавечна, чым у наваполацкай калоніі.
Як мне вядома, у Святаслава няма адчаю і безвыходнасці. Адвакату паведаміў, каб той прыязджаў, калі яму будзе зручна. Пры гэтым ён сказаў: «Мне важна, каб Вы глядзелі, каб я быў жывы і ня збіты».
З ліпеня месяца Святаслаў Барановіч прабыў у штрафным ізалятары каля 210 сутак. Два разы атрымаў напрамкі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) на 3 месяцы. Пры такіх умовах зняволення яму забароненыя спаткання, пасылкі, лісты, карыстанне грашыма. Па словах сястры Наталлі, апошні ліст ад яго яна атрымала 20 ліпеня. Святаслаў Барановіч піша скаргі аб незаконнасці і несуразмернасцю дысцыплінарных спагнанняў сваім дзеянням.
«Яшчэ Святаслаў распавёў, што ў яго на этапе зніклі акуляры. Цяпер будзем думаць, як перадаць яму новыя... Гэта складана, таму што, пастаянна знаходзячыся ў СІЗА, ён пазбаўлены права на пасылкі. Магчыма, атрымаецца перадаць медыцынскую пасылку, — распавядае сястра Святаслава. — У яго і так нізкі зрок, а калі будзе доўга хадзіць без акуляраў, то сітуацыя са здароўем яго вачэй можа сур'ёзна пагоршыцца».
Крыніца: Сястра Барановіча: Спадзяюся, у турме да яго паставяцца больш чалавечна...