Больш за год жыхары Брэста выходзяць на мірныя акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, а жыхары Светлагорска выступаюць супраць запуску цэлюлоза-кардоннага камбіната і завода беленай цэлюлозы. З кожным годам людзі ўсё часцей і часцей звяртаюць увагу на незаконныя дзеянні ўладаў па высечцы зялёных насаджэнняў і ушчыльняльнай забудове.

У прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем, што такое правы чалавека трэцяга пакалення і як абараніць сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Што такое правы чалавека трэцяга пакалення?

Правы чалавека трэцяга пакалення, так званыя калектыўныя правы або права салідарнасці, атрымалі прызнанне ў другой палове XX стагоддзя і былі перадвызначаныя абвастрэннем глабальных праблемаў, сярод якіх на адно з першых месцаў выходзіць экалагічная.

Да калектыўных правоў адносяцца:

  • права на палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і культурнае самавызначэнне;
  • права на эканамічнае і сацыяльнае развіццё;
  • права на ўдзел у карыстанні «агульнай спадчынай чалавецтва»;
  • права на мір;
  • права на чыстае і здаровае навакольнае асяроддзе;
  • права на гуманітарную дапамогу.

У чым адрозненні правоў трэцяга пакалення ад першага і другога?

Правы першага пакалення закліканыя абараняць чалавека ад неналежнага абыходжання дзяржавы (рэгулююцца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах), правы другога пакалення забяспечваюць яму магчымасць патрабаваць ад дзяржавы рэалізацыі спецыяльных урадавых праграмаў па прадастаўленні сацыяльнай падтрымкі і дапамогі (рэгулююцца Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах).

Дзеянняў адной дзяржавы ўжо недастаткова для выканання абавязацельстваў, якія накладаюцца на яго правамі трэцяга пакалення. Іх рэалізацыя магчымая толькі ўзгодненымі намаганнямі ўсіх актараў на «сацыяльнай сцэне»: дзяржаваў, міжнародных і няўрадавых арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных асобаў.

Таксама правы трэцяга пакалення спрыяюць пераадоленню аўтаноміі асобных індывідаў, канкуруючых паміж сабой, і забяспечваюць сацыяльную салідарнасць, што дазваляе людзям цалкам раскрыць свой патэнцыял з дапамогай сумеснага ўдзелу ў сацыяльным жыцці розных супольнасцяў, да якіх яны належаць.

Дзе замацаваныя калектыўныя правы?

Правы трэцяга пакалення замацаваны ў вялікай колькасці міжнародных дакументаў, асабліва ў пагадненнях, якія прасоўваюць палітыку «мяккага права», такіх як Дэкларацыя ААН аб праве на развіццё 1986 года, Рыа-дэ-Жанейрская дэкларацыя па навакольным асяроддзі і развіцці 1992 года, Венская дэкларацыя і Праграма дзеянняў 1993 года і Дэкларацыя ААН аб правах карэнных народаў 2007 года.

Што ж такое экалагічныя правы?

Экалагічныя правы ўяўляюць сабой сукупнасць правоў суб'ектаў у сферы ўзаемадзеяння грамадства з навакольным асяроддзем, устаноўленых у нарматыўных прававых актах.

Пад экалагічнымі правамі варта разумець толькі правы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, так як яны маюць пазаэканамічны характар.

Экалагічныя правы і абавязкі грамадзянаў па значнасці ўмоўна можна падпадзяліць на тры групы:

  • права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе;
  • права на доступ да экалагічнай інфармацыі, права грамадскасці на ўдзел у працэсе прыняцця экалагічна значных рашэнняў, права на доступ да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя;
  • іншыя экалагічныя правы (напрыклад, права аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам у вырашэнні пытанняў аховы навакольнага асяроддзя).

Дзе замацаваныя правы на спрыяльнае навакольнае асяроддзе?

Акрамя таго, 25 чэрвеня 1998 года 38 краінамі была падпісана Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя [Орхуская канвенцыя], мэтай якой з'яўляецца:

садзейнічанне абароне права кожнага чалавека цяперашняга і будучых пакаленняў жыць у навакольным асяроддзі, спрыяльным для яго здароўя і дабрабыту, а кожны Бок гарантуе права на доступ да інфармацыі, на ўдзел грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і на доступ да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя, у адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі.

Беларусь з'яўляецца Бокам Канвенцыі, дзеянне якой для яе ўступіла ў законную сілу 30 кастрычніка 2001 года.

Таксама правы на спрыяльнае навакольнае асяроддзе замацаваныя ў Законе «Аб ахове навакольнага асяроддзя», Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.

Дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.

Артыкул 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Якія правы грамадзянаў замацаваныя ў Законе «Аб ахове навакольнага асяроддзя»?

Грамадзяне маюць права:

  • ствараць грамадскія аб'яднанні, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у галіне аховы навакольнага асяроддзя, і грамадскія фонды аховы прыроды;
  • звяртацца ў органы дзяржаўнага кіравання, іншыя арганізацыі і да службовых асобаў для атрымання поўнай, дакладнай i своечасовай экалагічнай інфармацыі;
  • прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях праектаў экалагічна значных рашэнняў, справаздач аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, экалагічных дакладаў па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы;
  • уносіць прапановы аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы і ўдзельнічаць у яе правядзенні;
  • аказваць садзейнічанне дзяржаўным органам у вырашэнні пытанняў аховы навакольнага асяроддзя;
  • звяртацца ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi ў пісьмовай, электроннай ці вуснай форме, а таксама ўносіць індывідуальным прадпрымальнікам заўвагі і (або) прапановы ў кнігу заўваг і прапаноў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і атрымліваць матываваныя адказы;
  • прад'яўляць у суд пазовы аб кампенсацыі шкоды, прычыненай іх жыцця, здароўю, маёмасці ў выніку шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, і аб прыпыненні (забароне) гаспадарчай i iншай дзейнасцi юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якая аказвае шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Якія арганізацыі ў Беларусі займаюцца абаронай экалагічных правоў грамадзян?

У Беларусі абаронай экалагічных правоў грамадзян займаюцца Таварыства «Зялёная сетка», Грамадскае аб'яднанне «Экадом», Зялёны дазор, Цэнтр Экалагічных рашэнняў, Мінскае веласіпеднае таварыства, Беларуская Антыядзерная Кампанія, Багна, Гарадскі ляснічы і многія іншыя.

Што рабіць, калі трэба адстаяць сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе?

Калі вы бачыце, як у вашым двары сякуць дрэвы, або ўзводзяць новы жылы/нежылы будынак, або непадалёк будуюць завод, то вы можаце:

  • аб'яднацца з такімі ж актыўнымі жыхарамі, як, напрыклад, у Брэсце ці Светлагорску, для адстойвання сваіх экалагічных правоў;
  • пракансультавацца з экспертамі, патэлефанаваўшы на «Зялёны тэлефон», каб зразумець, якія інструменты можна выкарыстаць у барацьбе;
  • удзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях, якія праводзяць мясцовыя ўлады;
  • стаць прыхільнікам ЦЭР або валанцёрам «Зялёнай сеткі».

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.

Крыніца: «Захаваць, каб выжыць», або Як адстойваць экалагічныя правы?