Ціск на незалежных журналістаў з Берасця Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву з боку беларускіх уладаў не спыняецца ўжо паўгода. 4 сакавіка журналісты атрымалі вялікія штрафы: 120 базавых велічынь на дваіх альбо 3060 рублёў.
Такое рашэнне 4 сакавіка прыняў суддзя суду Маскоўскага раёну Берасця Раман Карабан. Па інфармацыі belsat.eu, журналістаў судзілі паводле трох пратаколаў, па кожнаму Карабан прысудзіў 40 базавых велічынь штрафу. Ляўчука і Харытонаву абвінавацілі ў працы на «Белсат» без акрэдытацыі. Пры гэтым пратаколы на журналістаў былі складзены без іх удзелу, чым было парушана права на абарону.
Два пратаколы на журналістаў былі састаўлены за асвятленне пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу – па іх Ляўчуку і Харытонавай суддзя Карабан прысудзіў 1020 рублёў штрафу кожнаму. Яшчэ 1020 рублёў штрафу Алесь Ляўчук атрымаў за асвятленне праблем жыхароў берасцейскай вуліцы Паплаўскага. Журналісты традыцыйна не бяруць удзел у судовых паседжаннях, бо лічаць гэта бессэнсоўным.
– Міліцыя і суды нават не спрабуюць выконваць законы, яны працягваюць рознымі шляхамі ціснуць і рабаваць маю сям’ю. Упэўнены, такім чынам яны спрабуюць закрыць рот незалежным журналістам. Але я ведаю, што праўда на нашым баку і людзі, у прыватнасці жыхары вуліцы Паплаўскага, на якіх наплявалі ўлады, дзякуюць нам за нашу працу, – сказаў «Белсату» Алесь Ляўчук.
У мінулым годзе на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі) Ляўчука і Харытонаву судзілі ўжо сем разоў, іх агульны штраф склаў 10 625 рублёў. Рэпрэсіі працягнуліся і ў 2019 годзе: журналістаў паспелі пасудзіць тройчы і прысудзіць 320 базавых велічынь штрафу. Агульная сума штрафу Ляўчука і Харытонавай за апошнія паўгода дасягнула 9 500 долараў. Учора журналісты былі затрыманыя міліцыяй, і на іх былі складзены новыя пратаколы.
Крыніца: 1500 долараў штрафу берасцейскім журналістам-фрылансерам