Сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага патэлефанаваў судовы выканаўца і заявіў, што ў яго не аплачана два штрафы на агульную суму каля 2000 рублёў. Пра гэта паведамляе прэсавая службва БХД.
«За апошнія паўгода ў мяне было больш за 10 судоў. За ўдзел у акцыях пратэсту, санкцыянаваных або несанкцыянаваных, рашэнне ўсё роўна было штраф, празмерна вялікі для мяне і для маёй сям'і, таму, вядома, выплаціць адразу так, як патрабуе судовы выканаўца, няма ніякай магчымасці. Штрафы, пагрозы праз судовых выканаўцаў - гэта адзін са спосабаў ціску, які выкарыстоўвае беларускі рэжым», - адзначыў палітык.
Ён нагадаў, што ў пачатку сакавіка судовыя выканаўцы ўжо ламіліся на прыватную тэрыторыю на ўчастак, дзе гуляла яго дачка, і, не прадставіўшыся, спрабавалі перапісваць маёмасць. «Як потым мне патлумачыла раённае кіраўніцтва, якое адказвае за выкананне пакаранняў, за тры дні да гэтага ім прыйшла папера аб неабходнасці спагнання неаплачанага штрафу за акцыю пратэсту, і ўжо праз тры дні без усялякага папярэджання яны ламіліся ў мой дом. Звычайна спачатку робіцца папярэджанне аб неабходнасці выплаты штрафу, тут жа ўсё было звышхутка, відавочна, па загадзе зверху», - заявіў сустаршыня БХД.
"Цяпер новыя патрабаванні тэрмінова аплаціць штраф я звязваю з маючым адбыцца ў Менску пасяджэннем ПА АБСЕ, а таксама з нашым візітам у Берлін, запланаванай сустрэчай у Бруселі. Гэта спосаб ціску, спроба запалохаць, бо лабістам рэжыму на захадзе і рэжыму ў Беларусі вельмі нявыгадна, каб ўспаміналі аб правах чалавека, каб гучалі сёння патрабаванні аб вызваленні ўсіх палітвязняў, якіх у Беларусі больш за 17 чалавек. Практыка дзеянняў беларускіх уладаў паказвае, што, на жаль, сітуацыя ў краіне ні як не памянялася», - мяркуе Віталь Рымашэўскі.
Крыніца: Ад Віталя Рымашэўскага патрабуюць выплату 2000 рублёў за штрафы