Пытанне поўнай адмены смяротнага пакарання робіцца ўніверсальнай з’явай і каштоўнасцю для ўсяго свету.
Чарговы, ужо 7-мы Міжнародны кангрэс супраць смяротнага пакарання засведчыў шэраг пазітыўных трэндаў у пытанні адмовы ад смяротнага пакарання. За перыяд, які прайшоў ад моманту правядзення папярэдняга кангрэса яшчэ шэраг краінаў цалкам адмовіліся ад смяротнага пакарання ці ўвялі мараторый на яго прымянне. Агулам на сённяшні дзень 106 краінаў цалкам адмовіліся ад смяротнага пакарання за ўсе віды злачынстваў, яшчэ восем – за ўсе віды злачынстваў акрамя вайсковага часу, 32 краіны не выкарыстоўвалі смяротнае пакаранне на працягу апошніх 10 гадоў (мараторый дэ-факта).
Такім чынам, агулам 146 краінаў свету не выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне альбо паводле яго поўнай адмены згодна з законам, альбо не прымяняюць на практыцы ў выніку абвешчанага мараторыя ці мараторыя дэ-факта.
86 краінаў у сваім памкненні да поўнага абаліцыянізму пайшлі яшчэ далей – ратыфікавалі другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, што з’яляецца грантыяй таго, што гэтыя краіны ўжо ніколі не вернуцца да выкарыстання пакарання смерцю.
Пасля ўвядзяння Гаянай у 2017 годзе мараторыя Паўднёвая Амерыка стала другім пасля Аўстраліі кантынэнтам цалкам вольным ад гэтага віда пакарання. Прычым характэрна, што рух абаліцыянізму ахапіў абсалютна розныя краіны свету: розныя не толькі па сваім геаграфічным становішчы, але па культурніцкіх традыцыях. Адмова дзяржаваў ад пакарання смерцю сваіх грамадзянаў – гэта не толькі ідэя ліберальнага Захаду (як гэта часта прадстаўляецца), гэта ўніверсальная ідэя, да якой імкнецца ўсё чалавецтва свету, незалежна ад сваіх культурных традыцый і асаблівасцяў. Пакаранне смерцю наогул не можа з’яўляцца культурнай асаблівасцю ці традыцыйнай каштоўнасцю. Забойства – не каштоўнасць.
Вельмі шмат крытыкі на Кангрэсе было прысвечана праблеме прымянення смяротнага пакарання ў ЗША. Але і там назіраецца пэўны прагрэс. У мінулым годзе яшчэ адзін штат ЗША – Вашынгтон – далучыўся да штатаў-абаліцыяністаў. Такім чынам, на сённяшні дзень большасць штатаў ЗША не прымяняе смяротнае пакаранне альбо ў выніку яго поўнай адмены, альбо ў выніку ўвядзення мараторыя (у тым ліку дэ-факта).
Падверджанне ўніверсальнага характару ідэі ўсесветнага абаліцыянізму падцвярджаецца таксама і тым, што 121 краіна-сябра ААН галасавала за прыняцце рэзалюцыі аб мараторыі на 7-й Генеральнай асамблеі ААН у снежні 2018 г. У 2016 і 2014 годзе такіх краінаў было 117.
Аднак 56 краінаў і тэрыторый свету ўсё яшчэ працягваюць прымяняць пакаранне смерцю. Сярод “рэкардсменаў” – Кітай, Саудаўская Аравія, Іран, Ірак, Егіпет. Ёсць у гэтым сумным спісе краінаў-катаў і Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе.
Нягледзячы на тое, што гэтым разам Сусветны кангрэс наведала афіцыйная дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных справаў Беларусь сп. Краўчанкам, нічога новага ад прадстаўнікоў нашай краіны ў пытанні ўвядзення мараторыя мы не пачулі. Спадар Навумовіч ужо ў каторы раз паўтарыў пазіцыю Урада па гэтым пытанні: народ не гатовы, таму і ўлады не могуць. Вось і варта было ехаць на Сусветны кангрэс па адмене смяротнага пакарання, каб заявіць там аб тым, што Беларусь не будзе тое пакаранне адмяняць.
Ну а пакуль… Пакуль у Беларусі працягваюць караць смерцю. У самым цэнтры сталіцы, у мурах старога злавеснага Пішчалаўскага замка, ад імя ўсіх нас, дзяржава працягвае забіваць сваіх грамадзян.
Але я веру, што прыдзе час, калі Беларусь далучыцца да цывілізацыйнага трэнду сучаснасці – сусветнага абаліцыянізму.
Валянцін Стэфановіч
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў
Крыніца: Блог Валянціна Стэфановіча: Абаліцыянізм крочыць па планеце