Назіральніку ПЦ "Вясна" Аляксею Лойка, збітаму пры налёце на офіс праваабарончай арганізацыі 25 сакавіка 2017 года, адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Старэйшы следчы Першамайскага раённага аддзела Следчага камітэта г. Мінска Рабцаў А.А., які праводзіў праверку, апытаў маладога чалавека і заключыў:
«У ходзе праведзенай праверкі довады Лойка А. аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі не знайшлі свайго пацверджання. У цяперашні час пры такіх абставінах у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі адсутнічаюць прыкметы складу злачынства».
Следчы пастанавіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі па заяве Лойка А. аб нанясеннi яму цялесных пашкоджанняў адмовіць за адсутнасцю грамадска-небяспечнай дзеі.
Аляксей Лойка адзначае, што пасля затрымання 25 сакавіка, ён быў дастаўлены ў бальніцу, дзе правёў дзевяць дзён. Медыкі ўстанавілі ў назіральніка закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне галаўнога мозгу, удар ў вобласці паясніцы, сінякі мяккіх тканін галавы, перадплеччаў і мяккіх тканін рук. Аляксей Лойка напісаў заяву на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу, якія праводзілі яго і іншых назіральнікаў затрыманне, і прайшоў судова-медыцынскае абследаванне. Пасля чаго яму тэлефанавалі з РУУС і настойвалі на тым, каб ён забраў сваю заяву.
Малады чалавек распавёў:
«Я хадзіў да следчага, прасіў азнаёміць з матэрыяламі праверкі і вынікамі судова-медыцынскай экспертызы, але ён мне адмовіў, спаслаўшыся на тое, што азнаямленне не прадугледжана. Я ўдакладніў, ці былі ўстаноўленыя асобы, якія мяне збілі, следчы сказаў, што так, але гэтыя асобы засакрэчаныя. Таксама я прасіў следчага апытаць сведкаў з майго боку, якія бачылі затрыманьне, аднак, і гэтага следчы не зрабіў.
Відавочна, што ён не быў зацікаўлены ў ацэнцы правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. А толькі цынічна пажартаваў, спытаўшы: "Гэта ты так ўпаў няўдала, або па табе прабегся АМАП, калі штурмаваў кватэру?"
У вынесенай пастанове Рабцаў А.А. наогул ні слова не сказаў пра тое, ўжывалася да мяне фізічная сіла або не, наколькі наогул дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі законнымі.
Цікава, што пры апытанні следчы ў мяне пацікавіўся, чаму менавіта я пайшоў адчыняць дзверы, спытаў, ці выкрыкваў я лозунгі ў кватэры, ці друкаваў улёткі і ці рыхтаваў масавыя беспарадкі».
З такім рашэннем Следчага камітэта Аляксей Лойка не згодны, лічыць, што праверка была праведзеная павярхоўна і плануе звярнуцца са скаргай у пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска.
Нагадаем, 25 сакавіка падчас налёту на офіс ПЦ "Вясна" на праспекце Незалежнасці, 78а былі затрыманыя 57 чалавек - праваабаронцы, назіральнікі, журналісты, у тым ліку замежныя, якія прыйшлі на інструктаж па маніторынгу акцыі да Дня Волі.
Крыніца: Следчы назіральніку: "Гэта ты так ўпаў няўдала, або па табе прабегся АМАП, калі штурмаваў кватэру?"