Затрыманне Мікалая Дзядка. Фота з сацсетак Анархіста Мікалая Дзядка даставілі ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска пасля абеду 6 сакавіка. Яго вінавацяць ў адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП - "удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", за выхад на Кастрычніцкую плошчу 26 лютага. 

dzidok_u_sudze.jpg
Мікалай Дзядок у залі суда

Справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Сведкам выкліканы супрацоўнік АМАПу Эдгар Коласаў. Другі сведка-міліцыянт Прымак нібыта хварэе. 

Мікалай Дзядок прызнае, што ўдзельнічаў у акцыі "Свабоду палітвязням" 26 лютага ў Мінску, але не прызнае сваёй віны, бо лічыць закон "Аб масавых мерапрыемствах" рэпрэсіўным. Ён таксама лічыць, што яго дзеянні не насілі гвалтоўнага характару, аднак "столькі сілаў міліцыянераў было кінута на яго, што гэта нават абсурдна"

Сведка Эдгар Коласаў паведамляе суду, што ад кіраўніцтва паступіла інфармацыя аб тым, што мерапрыемства не было ўзгоднена ў Мінгарвыканкаме. Кажа, што не перарываў супрацьпраўныя дзеянні мітынгоўцаў, хоць ведаў, што па законе быў павінен гэта зрабіць.

Мікалай Дзядок адзначае, што падчас мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі праводзілі відэафіксацыю, не было ніводнага міліцыянера, апранутага ў форменнае абмундзіраванне, а сам актывіст іншым грамадзянам і мінакам сваімі дзеяннямі не перашкаджаў. Лічыць сваё затрыманне незаконным.

Акрамя гэтага, выявілася, што пратакол апытання быў складзены з парушэннямі.

Суддзя сышла для прыняцця рашэння. 

У выніку, суд палічыў віну Мікалая Дзядка даказанай і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь.

Таксама вядома, што на актывіста было складзена яшчэ два пратаколы за выкладзеныя ў сеціве фотаздымкі з флэшмобу супраць закона аб экстрэмізме. Калі адбудуцца паседжанні па гэтых справах пакуль невядома. 

Нагадаем, Мікола Дзядок быў затрыманы раніцай 4 сакавіка адразу пасля выхаду з будынку суда Фрунзенскага раёна. Тады яго абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, і аштрафавалі на 50 базавых велічынь. 

Больш за двое сутак ён прабыў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 

Тры дні за кратамі: ці законная новая-старая практыка сілавікоў?

Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка пракаментаваў сітуацыі з доўгім затрыманнем удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

1 сакавіка астатніх удзельнікаў акцыі "Свабоду палітвязням" асудзілі да буйных штрафаў, а арганізатара Паўла Севярынца - да 10 сутак арышту. 

  Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Крыніца: Мікалая Дзядка аштрафавалі за акцыю "Свабоду палітвязням" Дапоўнена