Намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў адказаў на петыцыю акрэдытаваць «Белсат», якая з’явілася на сайце Petitions.by у студзені. Зварот падпісалі 186 карыстальнікаў, паведамляе belsat.eu.
У петыцыі патрабавалі правесці праверку, каб высветліць, з якой прычыны МЗС адмаўляе «Белсату» у акрэдытацыі, а таксама забяспечыць бесперашкодную працу незалежных СМІ. Там сцвярджалася, што датычна некаторых з іх у Беларусі выконваюцца не ўсе артыкулы закону «Аб сродках масавай інфармацыі», а дзяржаўныя тэлеканалы маюць манаполію на вяшчанне.
«Грамадзяне Рэспублікі Беларусі маюць права на атрыманне дакладнай інфармацыі пра падзеі ў краіне без прапагандысцкай афарбоўкі. У цяперашні момант у грамадзянаў пенсійнага ўзросту няма сталага вольнага доступу да сеткі Інтэрнет для атрымання абʼектыўнай інфармацыі з альтэрнатыўных афіцыйным крыніцаў інфармацыі», – гаварылася ў петыцыі.
У дадатак аўтары звароту падкрэслівалі: свабода слова і права на атрыманне інфармацыі ёсць неадʼемным правам свабоднай асобы, зарукай фармавання абʼектыўных поглядаў на падзеі. Інфармацыйная ж ізаляцыя можа мець сумныя наступствы, а незалежная журналістыка павінна быць недатыкальнаю.
У адказе прадстаўнік МЗС спаслаўся на законы, паводле якіх акрэдытуюцца журналісты і карэспандэнцкія пункты, а не каналы.
«Запытаная ў вашым звароце «акрэдытацыя спадарожнікавага каналу «Белсат» не значыцца ў вышэй выкладзеных пытаннях кампетэнцыі МЗС і не прадугледжаная ў спісе адміністрацыйных працэдураў, якія здзяйсняе Міністэрства», – гаворыцца ў лісце намесніка міністра.
Шастакоў нагадаў, што ў 2014 годзе Вярхоўны суд забараніў «Белсату» выкарыстоўваць сваю назву пры трансляцыі на Беларусь пасля скаргі ўласніка кампаніі «БЕЛСАТплюс» Андрэя Белякова, якому нібыта належыць адпаведны гандлёвы знак.
Праз адсутнасць акрэдытацыі журналісты і аператары »Белсату« рэгулярна зазнаюць ціск уладаў: нас часта судзяць паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 22.9 КоАП (»незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ«). Таксама ў працаўнікоў нашага тэлеканалу неаднаразова канфіскоўвалі тэхніку. За час працы «белсатаўцаў» аштрафавалі агулам на больш чым 85 тысяч долараў, аднак мы працягваем развівацца і працаваць для нашай аўдыторыі.