Барыс Бухель падчас акцыі 15 сакавіка. Фота: mspring.online Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў павіншавалі магілёўцаў з 25-годдзем галоўнага закона краіны.

15 сакавіка 1994 года была прынята першая ў гісторыі суверэннай Рэспублікі Беларусь Канстытуцыя. У гонар гэтага праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў выйшлі на вуліцы горада, каб раздаць «бясплатныя сертыфікаты» на вывучэнне Канстытуцыі:

– Вырашылі сёлета адзначыць Дзень Канстытуцыі, пройдучыся па цэнтральных вуліцах і раздаўшы інфармацыйныя матэрыялы. Зрабілі іх у выглядзе «бясплатных сертыфікатаў», каб напомніць людзям, наколькі лёгка і свабодна можна знайсці асобнікі Канстытуцыі ў тых жа бібліятэках ці ў сябе дома, – пракаментаваў акцыю Буракоў.

Аляксандр Буракоў падчас акцыі 15 сакавіка. Фота: mspring.online

На зваротным боку ўлёткі праваабаронцы змясцілі 10 правоў і свабод, якія прапісаны ў галоўным законе краіны – і пры гэтым усё адно парушаюцца.

– Безумоўна,правоў, якія парушаюцца ў Беларусі, значна больш. Але адабралі найбольш гарачыя варыянты, – адзначыў хлопец.

Паводле слоў Барыса Бухеля, яны раздалі амаль трыста асобнікаў за 40 хвілін.

– Усё добра, людзі нармальна бралі ўлёткі, калі чулі пра Канстытуцыю і правы. Хоць былі і такія, хто сказаў, што ў гэтыя гульні не гуляе. Праўда, я не зразумеў, якія гэта гульні, – пасмяяўся Бухель.

Праваабаронцы не адмаўляюць малазначнасць акцыі для горада, але ўпэненыя ў сваіх сілах:

– Вядома, калі б мы ахапілі 100 тысяч чалавек, гэта было б круцей. Аднак менавіта цяпер і менавіта ў гэтым горадзе нават калі пару дзясяткаў чалавек уважліва пачытаюць пра свае правы – гэта ўжо нармальна. Да таго ж, напамінаць пра Канстытуцыю з дапамогай яе артыкулаў ва ўлётках больш лагічна, чым канцэртамі і бессэнсоўнымі расцяжкамі над дарогамі, як у нас звычайна гэта любяць, – сказаў на заключэнне Буракоў.

Крыніца: Магілёўскія праваабаронцы правялі інфармацыйную акцыю ў гонар Дня Канстытуцыі