Парламенцкая асамблея Савета Еўропы шкадуе аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі і заклікае Мінск увесці мараторый на смяротнае пакаранне і прыпыніць будаўніцтва БелАЭС. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай ПАСЕ 27 чэрвеня ў выніку дэбатаў, піша БелаПАН.
У дакуменце адзначаюцца некаторыя пазітыўныя захады, у прыватнасці — вызваленне ўсіх палітвязняў, прысутнасць у Палаце прадстаўнікоў двух незалежных дэпутатаў і рэгістрацыя руху "Гавары праўду".
Урад Беларусі заклікаюць да далейшых дзеянняў, у тым ліку — поўнай рэабілітацыі і аднаўленні ў грамадзянскіх і палітычных правах былых палітвязняў.
У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне з нагоды таго, што пазітыўная тэндэнцыя да большай міжнароднай адкрытасці і дыялогу паміж Беларуссю і ПАСЕ "была падарваная нядаўняй эскалацыяй гвалту і пераследам мірных дэманстрантаў вясной 2017 года".
ПАСЕ заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць актывістаў апазіцыі, якія застаюцца ў зняволенні, і правесці расследаванне па паведамленнях аб жорсткім абыходжанні з імі і запалохванні.
ПАСЕ таксама заклікае афіцыйны Мінск паважаць і падтрымліваць права грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый, меркаванняў і СМІ, забяспечыць палітычны плюралізм, свабодныя і справядлівыя выбары.
Па ініцыятыве літоўскіх дэпутатаў у рэзалюцыі ўнесена папраўка, якая ўтрымлівае заклік прыпыніць будаўніцтва БелАЭС з-за "шматлікіх парушэнняў, адсутнасці павагі да міжнародных стандартаў ядзернай бяспекі і сур`ёзных парушэнняў бяспекі і буйных інцыдэнтаў пры будаўніцтве".
Нягледзячы на пярэчанні некаторых парламентарыяў, што гэта пытанне не тычыцца сферы правоў чалавека і дзейнасці ПАСЕ, папраўка была вынесеная на галасаванне і прынятая. За ўнясенне папраўкі ў рэзалюцыю прагаласавалі 34 парламентарыі, супраць — 21.
У рэзалюцыі таксама гаворыцца, што ПАСЕ падтрымлівае працяг кантактаў з уладамі і незалежнай грамадзянскай супольнасцю Беларусі на аснове каштоўнасцяў і дэмакратычных стандартаў Савета Еўропы. Беларусь заклікаюць ўвесці неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне і не прыводзіць у выкананне ўжо вынесеныя смяротныя прысуды.
Пры гэтым адзначаецца, што пры адсутнасці мараторыя на смяротнае пакаранне і прагрэсу ў пытанні павагі да дэмакратычных прынцыпаў і каштоўнасцяў Бюро ПАСЕ не можа адмяніць прыпыненне статусу спецыяльнага запрошанага для Нацыянальнага сходу Беларусі.