На жыхара Мазыра Васіля Васько, які ў студзені размясціў на памятнай стэле, усталяванай у памяць аб ракетнай дывізіі, надпіс «Незалежнасцю ня гандлюем!», 14 сакавіка склалі пратакол па артыкуле 21.14 КаАП (парушэнне парадку добраўпарадкавання населеных пунктаў).
Стэла была ўсталяваная ў Мазыры ў памяць ракетчыкаў, якія дыслакаваліся тут у савецкі час. На памятным знаку з гергіеўскімі стужкамі і выявай расейскага трыкалора, размешчаны савецкі сцяг, малюнак ракетнага комплексу і надпіс «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння - гарант міру і бяспекі».
21 лютага яго з дому даставілі ў міліцыю, дзе канфіскавалі тэлефон і праверылі яго змесціва. Там былі знойдзены фотаздымкі з надпісам на стэле.
«Мне пагражалі, што пасадзяць, я прызнаўся, што сапраўды пакінуў гэты надпіс», - распавёў жыхар Мазыра.
Тэлефон у яго забралі, але пасля скаргі ў пракуратуру вярнулі.
У Мазырскім райаддзеле унутраных спраў нядаўна быў разгледжаны пратакол правапарушэння і вынесеная пастанова аб прыцягненні Васіля Васько да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 2 базавыя велічыні.
Цікава, што сайт раённай газеты "Жыццё Палесся" яшчэ задоўга да вынясення адміністрацыйнай пастановы зрабіў Васько вінаватым і абвінаваціў тады яшчэ невядомага грамадзяніна ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь (апаганьванне будынкаў і збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі).
Крыніца: За надпіс «Незалежнасцю не гандлюем!» мазырчуку ўляпілі штраф