Зміцер Паліенка. Фота ПЦ "Вясна" Учора праваабронцам стала вядома пра затрыманне былога палітвязня Змітра Паліенкі па новай крымінальнай справе. У гэты раз яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 339, ч.3 (“Асабліва злоснае хуліганства”), а менавіта ў тым, што ён распыліў пярцовы балончык у твар мужчыне.

Пазней у каментары агенцтву БелаПАН інфармацыю пацвердзіла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Па версіі СК падзеі адбываліся такім чынам:

"Па дадзеных следства, 13 сакавіка прыблізна 20 гадзін на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Мінску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад'ездзе пырснула яму ў твар газ з газавага балончыка, - паведаміла Ганчарова. - Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Зміцер Паліенка. Ён дапытаны, па месцы яго жыхарства праведзены ператрус. У цяперашні час з затрыманым праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні".

Наста Гусева, сяброўка Паліенкі, распавяла ПЦ “Вясна” інушю версію, якую яна пачула ад самога актывіста.

"Прыкладна тыдзень таму Зміцер чакаў свайго сябра на лесвічнай клетцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык".

Тым часам сябры Паліенкі Вячаслаў і Марына Касінеравы увечары 20 сакавіка прыехалі ў Следчы камітэт Маскоўскага раёна і паспрабавалі перадаць Змітру перадачу – яе не прынялі (у перадачы былі ежа і лекі).

sk_maskr.jpg
Следчы камітэт Маскойскага раёна Мінска. Фота з Facebook Вячаслава Касінерава.

“Толькі што бачыў Змітра, пачынаюцца следчыя дзеянні, вочная стаўка і гд. Рукамі паказаў, што яго збіраюцца закрываць, перадачу перадаць не дазволілі, чакаем, калі атрымаецца гэта зрабіць. Поўны калідор узброеных аператыўнікаў, адзін спрабаваў за руку мяне вывесьці, зачынілі дзверы ў будынак, магчыма нас хутка паспрабуюць выгнаць з будынку”, - напісаў Вячаслаў Касінераў у сваім Facebook.

Як мінімум трое сутак з моманту затрымання Зміцер Паліенка правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання. Па заканчэннні гэтага тэрміну яму можа быць прад’яўлена абвінавачванне, у адваротным выпадку яго мусяць вызваліць.

Крыніца: Затрыманне Паліенкі: версія следчых і каментар Касінерава