Суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раіса Лабачэўская пакарала журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву за супрацу з "Белсатам" 21 сакавіка 50 базавымі велічынямі (1 275 руб.) штрафу кожнага. Гэта максімальная санкцыя па артыкуле 22.9 КаАП РБ (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Пра гэта паведамляе "Белсат".
Журналістаў у чарговы раз абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. Нагодай гэтым разам зноў стала акцыя пратэсту супраць акумулятарнага заводу.
У судовым паседжанні Ляўчук і Харытонава ўдзелу не бралі.
"Калі раней міліцыя збірала доказы, шукала сведкаў, то зараз на такія «дробязі» яны не звяртаюць ніякай увагі. У справе няма часу калі мы былі на плошчы, няма прозвішчаў людзей у якіх мы бралі інтэрв’ю, няма сведак, але і гэтага дастаткова для штрафу ў 2550 рублёў", – абураецца Алесь Ляўчук.
Трэцяга сакавіка журналісты ішлі на працу, але былі затрыманыя, і правялі больш за 2 гадзіны ў апорным пункце міліцыі, пасля гэтага былі складзеныя пратаколы за тое, што журналісты асвятлялі акцыю пратэсту 17 лютага, суд па іх адбыўся 21 сакавіка.
"На дзеянні міліцыі я напісаў скаргі ў следчы камітэт і пракуратуру, і ўжо пачаў атрымліваць ад іх адпіскі. Напрыклад, пракуратура адправіла разглядаць маю скаргу ў той ж РАУС, супрацоўнікі якога мяне затрымлівалі. Я вельмі сумняюся, што там прызнаюць свае памылкі", – кажа «Белсату» Ляўчук.
Пры гэтым журналіст адзначае, што ціск на яго і яго сямʼю з боку ўладаў не спыняецца ўжо больш за паўгода.
"Гэта пачалося са жніўня мінулага году, і вось ужо больш за паўгода ўлады рознымі метадамі ціснуць на нас. Нам замінаюць не толькі нармальна працаваць, але проста не даюць спакойна жыць. Я думаю, іх мэта зрабіць так, каб мы не супрацоўнічалі з «Белсатам», ці яшчэ лепш – з’ехалі за мяжу", – лічыць Алесь Ляўчук.
Крыніца: Берасцейскі суд пакараў журналістаў буйнымі штрафамі за супрацу з “Белсатам”