Суд Ленінскага раёна г. Брэста працягнуў 25 сакавіка разгляд адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста Віталя Казака.
Нагадаем, Казак 11 сакавіка расклаў кветкі і лампадкі да “растрэльнай ямы”, дзе знайшлі парэшткі больш за 600 закатаваных габрэяў. Актывіста выклікалі 15 сакавіка ў апорны пункт міліцыі па вул. Набярэжнай на 14 гадзін. Праз некалькі гадзін адтуль яго накіравалі ў Ленінскі РАУС г. Брэста, а затым на выходныя змясцілі да суда ў ізалятар часовага ўтрымання.
“Я прасіў міліцыю хутчэй мяне апытаць, каб я мог цешчу да лекара адвезці, а яны больш за тры гадзіны прамурыжылі мяне, а потым паперку прапанавалі у РАУСе падпісаць, абяцалі назад прывезці.Але затрымалі на 3 сутак. З пратаколам правапарушэння я не згодны”, - заяўляе ў судзе Віталь Казак.
Віталя Казака абвінавачваюць у абразе рабочай ЖЭС-2 Тамары Кавальскай (арт. 17.1 КаАП - хуліганства)
Актывіст тлумачыць суду, што ўбачыў жанчыну без апазнавальных знакаў, якая цішком збірала кветкі, ускладзеныя ім кветкі.
“Я дастаў камеру, і пацікавіўся, што яна робіць. Бо ў краіне не забаронена класці кветкі да магіл. Я да яе не дакранаўся, яна некаму тэлефанавала і мне цікавыя былі яе паводзіны. Яна прадставілася дворнічыхай, працоўнай формы не мела, і, здаецца, была нападпітку», - тлумачыць суду Казак.
Затым там з'явіўся начальнік ЖЭСа, у якога Казак запытаўся, хто ім даў права прыбіраць кветкі.
Пацярпелая кажа аб тым, што 11сакавіка начальнік ЖЭС папрасіў прыйсці прыбраць кветкі. Яна сабрала лампадкі, аднесла іх да помніку ахвярам гета і вярнулася за кветкамі. А тут прыйшоў мужчына і ліхтарыкам стаў свяціць у вочы. Потым на працы даведалася, што пра яе фільм знялі, а аўтару добрыя грошы заплацілі.
“Я не была п’яная, проста пах быў у мяне”, - адзначыла пацярпелая.
Сведка – начальнік ЖЭС-2 Эдуард Пераходскі - распавёў, што падыйшоў да Казака і папрасіў прыбраць кветкі і лампадкі. Той адмовіўся и пазваніў некаму з камерай.
Суддзя Аляксандр Семянчук выносіць пастанову аб прыцягненні Казака да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь.
Крыніца: Перашкодзіў рабочай прыбраць ад растрэльнай ямы кветкі - атрымаў штраф