У Брэсце ў чарговы раз пакаралі штрафам журналістаў-фрылансераў Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука, паведамляе БАЖ.
Іх зноў абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ — за супрацоўніцтва з польскім спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі беларускага Міністэрства замежных спраў. Суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раіса Лабачэўская пакарала кожнага з журналістаў штрафам у 50 базавых велічынь (1275 рублёў) паводле артыкула 22.9 КаАП РБ.
Гэтым разам нагодай для адміністрацыйнага пераследу стала асвятленне журналістамі акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая ладзілася 17 лютага на плошчы Леніна ў Брэсце.
Судовае слуханне адбылося 21 сакавіка без удзелу Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай. Журналісты не пайшлі ў суд, бо лічаць гэтыя працэсы палітычна матывыванымі. Пра вынікі разгляду справы яны даведаліся па пошце.
Як паведаміў Алесь Ляўчук, у матэрыялах справы не пазначаны час, калі яны знаходзіліся на плошчы, і не згадваюцца асобы, якія давалі інтэрв’ю. Але гэта ніяк не паўплывала на рашэнне суддзі.
Дарэчы, каб скласці пратакол, міліцыянты 3 сакавіка ўжылі сілу і некалькі гадзін трымалі журналістаў у пастарунку. Спробы Алеся Ляўчука абскардзіць у пракуратуру і Следчы камітэт гэтыя дзеяннні міліцыі плёну не далі: адтуль скаргу накіравалі ў аддзяленне міліцыі, супрацоўнікі якога і праводзілі затрыманне.
Летась Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву судзілі шэсць разоў, і ўжо чатыры разы — у 2019 годзе. Агульны штраф, накладзены на брэсцкіх журналістаў, складае больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце.