Як паведамляе "БАЖ", 25 сакавіка супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Брэста прыехалі дадому да журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА “БАЖ” Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай, каб скласці чарговыя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. Фота з Facebook Міланы Харытонавай

Новыя суды над журналістамі папярэдне прызначаныя на 3 і 9 красавіка.

Гэтым разам участковыя інспектары міліцыі Сяргей Максімовіч і Руслан Хацько на падставе артыкула 22.9 КаАП склалі чатыры пратаколы — па два на кожнага.

Першая справа тычыцца асвятлення акцый пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода каля Брэста, якія адбываюцца кожную нядзелю на галоўнай плошчы горада. Другая справа распачатая за рэпартаж пра мясцовыя праблемы ў адной з вёсак Брэсцкага раёна.

“Я пазначыла ў пратаколе, што не згодная з высновамі, бо не выконвала функцыі журналіста замежнага СМІ, а адказнасць паводле артыкула 22.9 КаАП мусіць несці рэдакцыя, а не фрылансер. Акрамя таго, Алесь Ляўчук пакінуў у пратаколах запіс, што супраць яго ідзе палітычна матываваны працэс”, — паведаміла карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Мілана Харытонава.

Літаральна на мінулым тыдні суд Маскоўскага раёна г. Брэста пакараў Ляўчука і Харытонаву штрафам у памеры 50 базавых велічынь кожнага (1275 рублёў) паводле гэтага ж артыкула КаАП.

Крыніца: Журналістаў з Брэста "павіншавалі" з Днём Волі пратаколамі