Актывіст і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, якога 26 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў на 45 базавых велічыняў паводле артыкула 23.34 ч.2 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), распавёў сайту palitviazni.info пра затрыманне, умовы ў ізалятары часовага ўтрымання і “спектакль” у судзе.
Нагадаем, Зміцер Дашкевіч на канцэрце ў Кіеўскім скверы зрабіў прамову са сцэны, спусціўся адтуль да сям’і і праз пару хвілін яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Некалькі гадзін пра ягонае месцазнаходжанне міліцыя не паведамляла ні жонцы, ні арганізатарам канцэрта. Пра тое, што ён у ІЧУ на Акрэсціна, стала вядома пасля 22.00. У чаканні суда Дашкевіч амаль два дні правёў у ІЧУ на Акрэсціна.
– Шчыра кажучы, у мяне нават у думках не было, што могуць адправіць за краты за бяскрыўдны, на мой погляд, выступ, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Магчыма, нейкія эпітэты кагосьці не задаволілі, але як ёсць.
Дарэчы, калі ў прыватнай размове я размаўляў з афіцэрамі і шэраговымі супрацоўнікамі АМАПу, у вочы я казаў пра іх бандыцкія ўчынкі. І ніхто мне не запярэчыў. Ніхто не абражаўся на мяне. Усё было ціха-мірна.
Я не чакаў затрымання, таму мы з сям’ёй збіраліся пабыць на канцэрце яшчэ хвілін 10-15 і затым паехаць у Курапаты на нядзельную малітву. Але затрымалі. І самі сабе горш зрабілі. Дзякуй тым людзям, што затрымлівалі, бо да гэтага мой выступ паслухалі 2 тысячы чалавек, якія былі на канцэрце, а пасля затрымання міліцыя павялічыла маю аўдыторыю разоў у сто. Дык каму зрабілі горш?
– Як сябе міліцыя паводзіла падчас затрымання?
– Вельмі карэктна. Сядзелі побач у машыне, усміхаліся. Мяне пасадзілі ў сіні мікраўтобус, які, да слова, яшчэ раней ехаў за намі да царквы. Чакалі там, а затым з’ехалі. Мабыць, у начальства планы змяніліся.
– Куды вас павезлі, бо пэўны час пасля затрымання ніхто не ведаў, дзе вас шукаць?
– Спачатку адвезлі ў Цэнтральны РУУС, дзе пратрымалі каля трох гадзін. А ўжо адтуль адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
– А ці можна было запатрабаваць адваката, які хаця б паведаміў родным, дзе вы знаходзіцеся?
– Маё затрыманне бачылі, і ўсе разумелі, дзе я знаходжуся. А наконт адваката… Можна, натуральна, разбіцца галавой аб сцяну чагосьці патрабуючы, але ад гэтага сапсуеш сабе толькі нервы і галаву.
Таму я ўжо спакойна да гэтага стаўлюся. У такіх выпадках лепш памаліцца, чым біцца галарой аб сцяну.
– Умовы ўтрымання ў ізалятары не здзівілі?
– Умовы горшыя з усіх турмаў і “зонаў”, якія я аб’ездзіў. Камера, як акварыум, вокны замураваныя, зафарбаваныя. Праветрыць памяшканне немагчыма, няма ніякага прытоку кісларода.
Там самая сапраўдная душагубка, хаця будынак адносна новы. У гэтым ізалятары сядзеў, як у градскай прыбіральні. Калі ў прыбіральні пакласці матрац, легчы на яго, а побач яшчэ закурылі б некалькі чалавек, то гэта і будзе ізалятар часовага ўтрымання.
– Колькі было сукамернікаў?
– У першую ноч – чатыры, затым паўдня было дзевяць у двухмясцовай камеры, але ў апошнія суткі сядзеў адзін.
– Пра тое, калі будзе суд вам нічога не казалі?
– Не казалі, але я ўжо здагадваўся, што могуць адвезці ў суд і праз двое, і праз трое сутак. Так ужо здаралася з Паўлам Севярынцам. У любым выпадку, было мала надзеі, што выпусцяць на Дзень волі, ім трэба было, каб у гэты дзень я быў ізаляваны.
– А што можаце сказаць пра канчатковы прысуд? Далі штраф, а маглі і на “суткі” адправіць…
– І гэты прысуд – поўны абсурд! Лукашэнка ж сам публічна казаў пра тое, што ў Курапаты ў мемарыял можна наведацца, потым “па чарцы” зрабіць. Я ў суддззі пытаў: а гэта часам не “заклік прысутных прыйсці ў Курапаты”?
І, да таго ж, ніякіх заклікаў я не рабіў. Я сказаў, што ў Курапаты можна прыйсці, памаліцца, паставіць свечкі, падтрымаць абаронцаў мемарыяла. Калі словы пра тое, што можна паставіць свечкі і памаліцца ў месцы, дзе расстрэльваліся людзей, расцэньваецца як заклік да несанкцыянаванай акцыі, то гэта ноу-хау нават для нашай дваццаціпяцігадовай дыктатуры. Не ведаю, якое большае глупства можна яшчэ прыдумаць.
Крыніца: "Умовы горшыя з усіх турмаў і “зонаў”, якія я аб’ездзіў"