Больш за 40 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці з амаль дваццаці краінаў заклікаюць расійскія ўлады “неадкладна і безумоўна вызваліць” крымскіх татараў, затрыманых падчас рэйдаў, якія прайшлі 27 сакавіка ў Сімферопалі і іншых гарадах акупаванага Крыма. Сярод падпісантаў заявы — тры беларускія праваабарончыя арганізацыі: Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі хельсінкскі камітэт і Цэнтр прававой трансфармацыі. Дакумент быў распаўсюджаны Платформай грамадзянскай салідарнасці. У ім таксама ўтрымліваюцца заклікі да міжнароднай супольнасці “працягваць аказваць ціск на ўлады Расіі дзеля таго, каб спыніць пераслед актывістаў “Крымскай салідарнасці” і іншых крымскіх татараў”.

27 сакавіка прадстаўнікі Федэральнай службы бяспекі Расіі (ФСБ) правялі ператрусы у дамах крымскататарскіх актвістаў у Сімферопалі, а таксама ў Белагорскім і Чырвонагвардзейскім раёнах Крыма. У агульнай суме супрацоўнікі ФСБ абшукалі каля 27 дамоў і затрымалі прынамсі 20 крымскіх татараў. Гэта самая маштабная кампанія палітычна матываваных арыштаў супраць крымскататарскай абшчыны (у тым ліку актывістаў руху “Крымскай салідарнасці”) з пачатку расійскай акупацыі Крыма. Як і ў папярэдніх выпадках пераследу крымскататарскіх актывістаў, затрыманні нібыта звязаныя з антытэрарыстычным заканадаўствам.

Крыніца: Беларускія праваабаронцы далучаюцца да заклікаў аб вызваленні татарскіх актывістаў у акупаваным Крыме