Цэнтральная выбарчая камісія Украіны афіцыйна абвясціла другі тур выбараў прэзідэнта. Ён пройдзе праз тры тыдні — 21 красавіка. Па ўкраінскаму выбарчаму заканадаўству, калі ні адзін з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, мусіць адбыцца другі тур. ЦВК Украіны па стане на 18:00 апрацавала амаль усе выбарчыя бюлетэні — каля 90%. Паводле афіцыйных дадзеных кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Зяленскі набраў каля 30% галасоў, а Пётр Парашэнка — каля 16%.

padlik_galasou_ua.jpg
На падліку галасоў на выбарчым участку №800588 у Цэнтральным доме афіцэраў Узброеных сіл у Кіеве. Фота: ПЦ "Вясна"
padlik_galasou_ua_134.jpg
Злева-незалежны назіральнік і старшыня выбарчай камісіі на падліку галасоў на выбарчым участку №800588 у Цэнтральным доме афіцэраў Узброеных сіл у Кіеве. Фота: ПЦ "Вясна"

У панядзелак, 1 красавіка, грамадская арганізацыя, якая займаюцца маніторынгам выбарчых працэсаў, Камітэт выбарцаў Украіны (КВУ), сумесна з Еўрапейскай платформай за дэмакратычнымі выбарамі зладзілі ў Кіеве брыфінг, дзе прадстаўнікі арганізацый пракаментавілі першы тур выбараў на адпаведнасць украінскаму заканадаўству і міжнародным стандартам. У дзень галасавання за ходам выбарчага працэсу назіралі 2034 афіцыйных назіральнакаў КВУ.

vku.jpg
Аналітык КВУ Дзяніс Рыбачок, генеральны дырэктар КВУ Аляксей Кошель і Штэфані Шыфер, дырэктарка Еўрапейскай платформы за дэмакратычнымі выбарамі. Фота: ПЦ "Вясна"

 Генеральный дырэктар КВУ Аляксей Кошель распавёў аб найбольш тыповых парушэннях на выбарчых участках Украіны, сярод якіх: памылкі ў працы ўчастковых выбарчых камісій, разгалашэнне таямніцы галасавання выбаршчыкаў шляхам публікацыі адпаведных фотаматэрыялаў, правядзенне агітацыі па-за тэрмінаў, вызначанымі Законам "Аб выбарах Прэзідэнта Украіны", праблемы са спісамі выбаршчыкаў. 

Прадстаўнікі Грамадскай сеткі “Апора” таксама адзначаюць, што найбольш масавымі парушэннямі на выбарах 31 сакавіка было разгалашэнне таямніцы галасавання і фатаграфаванне выбарчага бюлетэня.

“Аднак у цэлым парушэнні не насілі сістэмнага характару і не такімі, што маглі істотна паўплываць на вынікі волевыяўлення грамадзян. Але ёсць непрыемныя факты, якія мы павінны адзначаць”, — зазначыў аналітык КВУ Дзяніс Рыбачок падчас брыфінгу 1 красавіка.

obse_1.jpg
У цэнтры — спецыяльны каардынатар АБСЕ, ганаровы прэзідэнт ПА АБСЕ Ілка Канерва падчас канферэнцыі 1 красавіка ў Кіеве. Фота: ПЦ "Вясна"

 Таксама ў панядзелак, 1 красавіка, у Кіеве адбылася вялікая сумесная прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў місіі міжнародных назіральнікаў за выбарамі ва Украіне ў складзе прадстаўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДПІЧ) АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), парламенцкай асамблеі НАТА і Еўрапейскага парлмаента.

Па словах спецыяльнага каардынатара АБСЕ, ганаровага прэзідэнта ПА АБСЕ Ілкі Канервы выбары ва Украіне ў цэлым праходзілі свабодна, кандыдаты маглі спаборнічаць без абмежаванняў. Ён таксама адзначыў, што на мінімізацыю парушэнняў на выбарах паўплываў у тым ліку той факт, што была вялікая колькасць міжнародных назіральнікаў.

Па выніках місіі спецыяльны каардынатар АБСЕ падкрэсліў, што парушэнні, устаноўленныя ў дзень галасавання, у цэлым не паўплываюць на вынік галасавання.

obse_2.jpg
Кіраўніца назіральнікаў АБСЕ Дорыс Барнэтт на прэс-канферэнцыі 1 красавіка. Фота: ПЦ "Вясна"

 Кіраўніца назіральнікаў АБСЕ Дорыс Барнэтт заявіла падчас канферэнцыі, што негледзячы на раней выказаныя асцярогі, дзень выбараў ва Украіне прайшоў добра. Яна выказала надзею, што пасля пацверджання, вынік будзе прызнаны і другі тур будзе такім жа мірным, спарадкаваным і эфектыўным.

Нагадаем, што ўчора, 31 сакавіка, адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта Украіны.

padlik_galasou_ua_2.jpg
На падліку галасоў на выбарчым участку №800588 у Цэнтральным доме афіцэраў Узброеных сіл у Кіеве. Фота: ПЦ "Вясна"

Крыніца: “Выбары ва Украіне прайшлі свабодна” — НДА Украіны і міжнародныя арганізацыі Фота