Уладзімір Вялічкін. Фота: "Берасцейская Вясна". Брэсцкі абласны суд прызначыў на 3 красавіка разгляд скаргі праваабаронцы “Вясны” Уладзіміра Вялічкіна на пастанову аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 15 базавых велічынь. Пастанова была вынесеная судом Ленінскага раёна г Брэста 18 лютага.

Нагадаем, 16 лютага праваабаронцу выклікалі ў апорны пункт міліцыі, затым даставілі ў РАУС, дзе Вялічкін быў затрыманы да суда.

18 лютага суддзя Шурын прызнаў яго вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і аштрафаваў на 15 базавых (382,5 рубля).

У віну  Вялічкіну паставілі тое, што ягоны адказ на камеру блогера Сяргея Пятрухіна прыцягнуў увагу грамадзян да праблемы акумулятарнага завода.

Праваабаронца не пагадзіўся з пастановай суда першай інстанцыі і звярнуўся са скаргай у абласны суд.

Разгляд скаргі прызначаны на 9:30 раніцы 3 красавіка.

Крыніца: Праваабаронца ідзе ва-банк: пададзена скарга на рашэнне суддзі Шурына