Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён парушыў рэжым адбыцця пакарання.
У мінулую суботу прафсаюзны ён паведаміў, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі па падазрэнні ва ўжыванні алкаголю.
“На фоне стрэсу ў мяне нярэдка скача артэрыяльны ціск, – распавёў Генадзь Фядыніч. – У пятніцу на працы танометр паказваў 150–160, у суботу, якая была таксама працоўная, ціск ізноў узняўся да 160. Пад рукой лекаў не аказалася, калегі параілі выпіць крыху каньяку. Так і зрабіў. А каля дома ўжо чакала міліцыя”.
Са слоў прафсаюзнага лідара, медыцынскі агляд паказаў у яго крыві наяўнасць алкаголю, хаця ніякіх дакументаў на рукі яму не далі.
Сёння, 3 красавіка, калі Генадзь Фядыніч пайшоў адзначацца ў Цэнтральны РУУС Мінска, яму вынеслі першае афіцыйнае папярэджанне за парушэнне ўмоў адбыцця пакарання.
“Мне сказалі, што нікога не хвалюе мой стан здароўе, правілы для ўсіх аднолькавыя”, – дадае прафсаюзны лідар.
Як вядома, калі на працягу тэрміна пакарання будзе больш за тры папярэджання, рэжым могуць змяніць на больш жорсткі.
Нагадаем, згодна з умовамі «хатняй хіміі», лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч не можа знаходзіцца па-за межамі сваёй кватэры пазней 19.00 у будныя дні і не мае права пакідаць кватэру ў выхадныя. Таксама забаронена ўжываць алкаголь на ўвесь тэрмін пакарання – 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі падчас усяго тэрміну кантралююць выкананне гэтых умоў, таму могуць прыйсці дадому да Фядыніча ў любы час дня і ночы.