Гарадзенскі праваабаронца “Вясны” Віктар Сазонаў атрымаў ад старшыні Гродзенскага абласнога суда адказ на надзорную скаргу на рашэнне гэтага ж суда, піша прэс-служба ГА "БАЖ". Старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун пакінуў пастанову пра пакаранне Віктара Сазонава штрафам у памеры 15 базавых велічыняў у сіле. Як вынікае з яго адказу, датаванага 19 сакавіка 2019 года, віна праваабаронцы ў правапарушэнні нібыта пацверджаная паказаннямі сведак, “пісьмовымі доказамі і відэазапісам несанкцыянаванага мерапрыемства”.
Нагадаем, 27 кастрычніка 2018 года Віктар Сазонаў ажыццяўляў прававы маніторынг і выконваў журналісцкія абавязкі падчас правядзення Дня памяці паўстанцаў — штогадовага ўшанавання памяці кіраўнікоў і ўдзельнікаў вызваленчага паўстання 1863—1864 гг. у г. Свіслач і ў вёсцы Якушоўка Гродзенскай вобласці.
23 лістапада 2018 года суд Свіслацкага раёна аштрафаваў Сазонава на 15 базавых велічыняў (367,5 рублёў) нібыта за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ). Суд не прыняў да ўвагі довады Сазонава пра выкананне ім выключна праваабарончай дзейнасці падчас згаданага мерапрыемства.
Віктар Сазонаў абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе другой інстанцыі — Гродзенскім абласным судзе. Аднак 26 снежня 2018 года прадстаўнік аблсуда Валерый Раманоўскі касацыйную скаргу Сазонава не задаволіў, а рашэнне Свіслацкага райсуда пакінуў без зменаў.
У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” Віктар Сазонаў зазначыў, што, на яго думку, гэта наўмысны пераслед за прафесійную дзейнасць:
“Я дэманстратыўна стаяў побач з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і не ўдзельнічаў у мерапрыемстве, рабіў фотаздымкі. Гэта абсурд, што на мяне склалі пратакол за менавіта ўдзел у несанкцыянавай акцыі. Падчас судовага працэсу ў Свіслацкім райсудзе я даведаўся, што пратакол на мяне быў складзены толькі на падставе таго, што нехта апазнаў мяне на відэазапісе, на якім я знаходжуся ў Свіслачы — то бок паводле факту майго знаходжання ў гэтым горадзе. У мяне паўстае адразу некалькі пытанняў: ці дазволеная наогул праваабарончая і журналісцкая дзейнасць на Гродзеншчыне і ці можна мне асабіста наведваць Свіслач?”, — кажа Віктар Сазонаў.
Правабаронца мяркуе, што такія рэпрэсіўныя захады, верагодна, ужываюць для таго, каб запалохаць праваабарончую і журналісцкую супольнасць Беларусі і абмежаваць ім выкананне прафесійных абавязкаў.
Віктар Сазонаў намераны далей змагацца за свае правы і збіраецца абскарджваць рашэнне старшыні Гродзенскага аблсуда ў Вярхоўным судзе Беларусі. У выніку чарговага адмоўнага рашэння ён не выключае, што будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Крыніца: Віктар Сазонаў: Ці дазволеная наогул праваабарончая і журналісцкая дзейнасць на Гродзеншчыне?