Магілёўскі юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Барыс Бухель звярнуўся ў гарвыканкам з патрабаваннем тэрмінова давесці да ладу рашэнне Магілёўскага гарвыканкама пра правядзенне масавых мерапрыемстваў, піша mspring.online.
Уся справа ў тым, што ў горадзе дагэтуль дзейнічае старое рашэнне аб масавых мерапрыемствах у г. Магілёве, прынятае ў 2007 годзе. Змены ў яго ўносіліся ў 2010 і 2017 гадах. Тады праваабаронцы дамагліся таго, што грамадзянам пры падачы заявы на мірны сход больш не патрабавалася складаць дамову з міліцыяй для забеспячэння аховы на мерапрыемстве.
Аднак улетку 2018 года ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» унеслі істотныя змены і дадаткі, якія пачалі дзейнічаць 26 студзеня 2019 года. г. З гэтай жа даты набыла моц Пастанова Савета Міністраў №49 ад 24.01.2019 г. пра зацвярджэнне Пастановы пра парадак аплаты паслуг, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўваннем і прыбіраннем тэрыторыі пры масавых сходах.
Зараз беларусы абавязаны пры правядзенні мітынгу, шэсця ці пікета сплочваць паслугі міліцыі, тым часам як дзеючае рашэнне Магілёўскага гарвыканкама сцвярджае зваротнае.
Праваабаронца Барыс Бухель падчас візіту ў гарвыканкам пакінуў зварот у кнізе заўваг, у якім запатрабаваў неадкладна прывесці мясцовы нарматыўны акт у адпаведнасць з дзейным законам «Аб масавых мерапрыемствах» і пастановай Саўміна.
“У самым законе ў артыкуле 2 гаворыцца даслоўна: улада абавязана забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым законам. Новая рэдакцыя закона была прынята больш за паўгады таму. Пастанова Саўміна пра памеры аплаты паслуг камунальнікаў, міліцыі і медыкаў – больш за два месяцы назад. Часу ў гарвыканкаму выправіць сваё ж рашэнне было мора. Я запатрабаваў, каб змены ўнеслі хуткім часам”, — адзначае Барыс Бухель.
Апроч таго, Бухель паведаміў, што яму з іншымі магілёўскімі праваабаронцамі атрымалася запусціць дыскусію пра павелічэнне ў Магілёве колькасці месцаў для масавых мерапрыемстваў.
“Ірына Бацішчава, намначальніка аддзела ідэалагічнай працы па справах моладзі гарвыканкама паведаміла мне, што ў горадзе дакладна з’явіцца хаця б адно новае месца для правядзення мітынгаў і пікетаў. Але шэсці па-ранейшаму можна будзе праводзіць толькі на вул. Чалюскінцаў”, — дадае праваабаронца.
Напомнім, што раней праваабаронцы «Вясны» Барыс Бухель, Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў запатрабавалі ад гарвыканкама даць грамадскасці больш месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Крыніца: У Магілёве з'явіцца яшчэ адно месца для масавых мерапрыемстваў