Заява праваабарончых арганізацый з нагоды падзеяў у Курапатах Мінск, 04 красавіка 2019 года

Раніцай 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты дэмантавалі і вывезлі мемарыяльныя крыжы, усталяваныя летась грамадскімі актывістамі. Хто прыняў рашэнне пра дэмантаж крыжоў, куды іх вывезлі і што з імі будзе далей дагэтуль невядома.

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгазу Аляксандр Мірановіч, які знаходзіўся ў Курапатах, адмовіўся размаўляць з журналістамі і патлумачыць ім, што адбываецца. Каля 12 гадзін пачаліся працы па ўстаноўцы металічнай сеткі вакол урочышча.

Былі затрыманыя 15 абаронцаў Курапат, у тым ліку Зміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Ніна Багінская, Дзяніс Урбановіч, Піліп Шаўроў, Валер Рабцаў. Паводле інфармацыі міліцыі, яны затрыманы "для высвятлення асобы і правядзення праверкі".

Курапаты з’яўляюцца найбольш вядомым месцам масавых расстрэлаў, якія ажыццяўляў НКУС на тэрыторыі Мінска. На працягу 30 год людзі стваралі народны мемарыял у месцы нацыянальная катастрофы.

У Курапатах неаднаразова здараліся акты вандалізму, але вандалы ніколі не былі знойдзены і прыцягнуты да адказнасці. Наступствы вандалізму ліквідуюць самі людзі. Дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў па ахове Курапат.

Сённяшні знос крыжоў мы расцэньваем як акт вандалізму з боку органаў улады. Гэта акт знішчэння народнай памяці.

Мы патрабуем:

- неадкладна спыніць працы па дэмантаванні крыжоў у Курапатах;

- вярнуць дэмантаваныя крыжы на месца;

- патлумачыць, хто і з якой мэтай дэмантаваў крыжы сёння;

- надалей усе планаваныя працы ў Кураптах загадзя ўзгадняць і абмяркоўваць з грамадскасцю і ўлічваць яе меркаванне;

- забяспечыць належную ахову мемарыялу і прадухіліць новыя акты вандалізму;

- вызваліць усіх затрыманых абаронцаў Курапат.

Беларускі ПЭН-цэнтр

Беларускі дом правоў чалавека

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

РГА “Прававая ініцыятыва”

Крыніца: Заява праваабарончых арганізацый з нагоды падзеяў у Курапатах