Рагачоўскі аддзел унутраных спраў спыніў распачатую адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Аляксейкава. Пра гэта 6 красавіка «Гомельскай Вясне» паведаміў сам Аляксейкаў.
У верасні 2018 года Аляксейкаў пракаментаваў у Facebook у групе "За Еўрапейскую Беларусь" матэрыял пад назвай "Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку". Жудасны ўчынак п'янага спецназаўца ён назваў "шуняўскім тэатралам".
Міліцыя склала і перадала ў суд адміністрацыйны пратакол па артыкуле 17.11 КаАП, абвінаваціўшы мужчыну ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раённая суддзя Валянціна Малюкова вынесла пастанову аб тым, што міліцыяй не вызначаныя тэрміны пачатку і заканчэння здзяйснення правапарушэння і вярнуў справу на дапрацоўку.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які праводзіць маніторынг экстрэмісцкіх спраў у рэгіёне, дзеянні міліцыянтаў называе вельмі непрафесійнымі.
"Міліцыя спыніла справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну, які быў прапушчаны і ў дзень пачатку адміністрацыйнага працэсу. Хіба гэтага людзі ў пагонах не бачылі? А калі бачылі, на што разлічвалі? Зараз Сяргей Аляксейкаў мае права на кампенсацыю выдаткаў па аплаце паслуг адваката, можа хоць гэта астудзіць гарачыя міліцэйскія галавы рагачоўскіх аніськіных", — заявіў праваабаронца Судаленка.
Праваабаронца таксама адзначыў, што 2 красавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага.