Актывіст Зміцер Дашкевіч абскардзіў з дапамогай праваабаронцаў "Вясны" пастанову суда Цэнтральнага раёна г. Мінска, якой яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за прамову на Дзень Волі ў Кіескім скверы. Суд абвінаваціў актывіста па ч.3 арт.23.34 КаАП і аштрафаваў пасля 50 гадзінаў утрымання Дашкевіча ў ізалятары на 45 базавых велічыняў (1147.50 руб.).
24 сакавіка 2019 г. Дашкевіч выступіў са сцэны святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню волі 2019 г., з прамовай наступнага зместу:
“… Сябры, хто з нас за апошні месяц быў хоць раз у Курапатах? Падыміце рукі! Азірніцеся цяпер. Азірніцеся на паднятыя рукі. Гэта сумна, сябры. Гэта ганьба ўсяго патрыятычнага руху. Гэта наш боль, кожнага з нас. Кожны нясе ганьбу за тое, што памяць невіннай крыві ганьбіцца кожны дзень і мы маўчым. І сёння зараз пасля гэтага выступу я паеду ў Курапаты, там кожную нядзелю а 16-й малітва. Заўтра ў нядзелю, заклікаю Вас, пасля працы пайду ў Курапаты. І вы прыйдзіце, хто можа, запаліце знічку, хто можа памаліцца, памаліцеся, хто можа падтрымаць абаронцаў, падтрымайце. Каб праз год мы не сумам і болем, не са слязьмі на вачах, а з радасцью гукалі гэты вечны лозунг “Жыве Беларусь!”.
За гэтыя словы суддзя Іван Касцян зрабіў выснову ў пастанове, што Дашкевіч “публічна заклікаў сабрацца на мемарыяле “Курапаты” з мэтай правядзення масавага мерапрыемства без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама”. Але на думку Зміцера Дашкевіча дадзеная справа наўпрост тычыцца права на свабоду выказвання меркавання, якое прадугледжана арт.33 Канстытуцыі і арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
"Пакаранне мяне адміністрацыйным штрафам за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з’яўляецца абмежаваннем свабоды выказвання меркавання", — піша Зміцер у скарзе.
Пасля агучвання прамовы са сцэны Зміцер Дашкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП. Сваё затрыманне ён лічыць адвольным і незаконным. Актывіст правёў 50 гадзін у ізалятары часовага ўтрымання ў чаканні суда.
У сваёй скарзе Дашкевіч просіць Мінскі гарадскі суд увогуле спыніць адміністрацыйны працэс у дачыненні да яго.
Крыніца: Дашкевіч — суду: “Я не заклікаў у “Курапаты”, я выказваў сваё меркаванне”