Як паведамляе прэс-служба ГА "БАЖ", Суд Брэсцкага раёна накіраваў справу журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца на дапрацоўку. Сам Яўген Скрабец даведаўся пра гэта 5 красавіка, калі прыйшоў у суд, дзе ў дачыненні яго мусіла разглядацца справа паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП (Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).
Як і ў папярэднія разы журналіста вінавацяць у “працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі”. Нагодай для адміністрыцыйнага пераследу стала размешчаная на сайце “Радыё Рацыя” нататка. Нягледзячы на тое, што пратакол вернуты ў міліцыю, Скрабец лічыць, што праз некаторы час справа можа зноў трапіць у суд.
Брэсцкі сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Яўген Скрабец нагадаў, што гэта ўжо шостая спроба прыцягнуць яго да адказнасці. Раней толькі аднойчы разгляд скончыўся на карысць фрылансера, а ў астатніх выпадках суды каралі яго штрафамі.
Крыніца: У Брэсце справу журналіста суд адправіў на дапрацоўку