Раніцай 4 красавіка стала вядома, што ў Курапатах прадстаўнікі Бараўлянскага спецыяльнага лясгасу масава зносяць крыжы. Пра гэта паведаміла "Наша Ніва". Абаронцаў мемарыяла, якія абурыліся такімі дзеяннямі, супрацоўнікі міліцыі пачалі масава затрымліваць. Знос крыжоў у Курапатах, 4 красавіка. Фота:

У групе інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама паведамілі БелаПАН, што ва ўрочышчы Курапаты 4 красавіка затрымана 15 чалавек. Па стане на 19:30 ПЦ "Вясне" вядомыя прозвішчы дзевяці актывістаў:

  1. Паўла Севярынца,
  2. Дзяніса Урбановіча,
  3. Зміцера Дашкевіча,
  4. Філіпа Шаўрова,
  5. Ніны Багінскай,
  6. Арцёма Кляпца,
  7. Валера Рабцава,
  8. Валянціны Яроменак,
  9. Віталя Трыгубава.

"Былі затрыманыя людзі для высвятлення асобы і правядзення праверкі, яны дастаўлены ва УУС Мінскага раёна, — сказаў прадстаўнік абласной міліцыі. — Іх апытаюць: што яны рабілі, чым там займаліся. Хутчэй за ўсё, іх затрымлівалі, як я мяркую, з-за таго, што яны перашкаджалі правядзенню работ, не давалі людзям выконваць сваю працу. Я не ведаю, хто і што там рабіў. Хтосьці, можа, пад колы лез, хтосьці неяк інакш перашкаджаў, адцягваў кагосьці ад чагосьці. Будзе высвятляцца, што рабілі, з якой мэтай. На падставе гэтага будуць прымаць рашэнне, ці прыцягваць да адказнасці".

"Пакуль, паводле нашай інфармацыі, дастаўленыя 15 чалавек. Там ёсць вядомыя Севярынец, Дашкевіч і ўся гэтая кампанія. Я не выключаю, што іх задакументуюць, дапытаюць і адправяць дадому. Яны дастаўлены для разбору, а як там пойдзе, колькі пратаколаў будзе складзена, колькі з іх будзе прыцягнута да адказнасці, пакуль не ведаю", — дадаў супрацоўнік абласнога УУС.

Пакуль вядомыя прозвішчы толькі дзевяці затрыманых, інфармацыя ўдакладняецца.

Па папярэдняй інфармацыі, некаторых актывістаў пасля УУС Мінскага раёна змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна (вул. Скарына, 20). Вядома пра Зміцера Дашкевіча, Валянціну Яроменак і Паўла Севярынца.

А 19 гадзіне стала вядома, што Валянціну Яроменак вызвалілі.

Па стане на 22:40 вядома, што дзевяць затрыманых актывістаў ва ўрочышчы Курапаты 4 красавіка вызвалілі. Пакуль невядома, ці складаліся на іх пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

belsat_1345.jpg
Затрыманая абаронцы Курапатаў пасля вызвалення 4 красавіка. Фота: Белсат

ДАІ заблакавала пад’езды да Курапатаў, не дазваляе спыняцца каля рэстарана «Поедем поедим». Здалёк відаць тэхніка і рабочыя. АМАП ачапіў Курапаты па перыметры і не прапускае людзей.

А 10 гадзіны супрацоўнікі АМАПа затрымалі сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які прыехаў у Курапаты, каб абараніць крыжы. Гэта адбылося ў жывым эфіры ў фэйсбуку, які вёў актывіст. Супрацоўнікі АМАПу без тлумачэнняў прычын і падставаў запіхалі Севярынца ў белы мікрааўтобус. За што ён затрыманы, невядома.

Па стане на 10:30 знесена ўжо каля 70 крыжоў, піша ў фэйсбуку актывіст Зміцер Дашкевіч. "Радыё Свабода" паведамляе, што Міністэрства культуры не ведае, што адбываецца.

Як паведамляе "Наша Ніва", а 11 гадзіне затрыманы лідар Маладога фронту Дзяніс Урбановіч.

urbanovich_1345.jpg
Затрыманне Дзяніса Урбановіча. Фота: "Радыё Свабода"

Пазней стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў Зміцера Дашкевіча і Філіпа Шаўрова. Верагодна, затрыманых павезлі ў РАУС Мінскага раёна ці ў Бараўлянскі аддзел міліцыі.

Затрыманне Зміцера Дашкевіча. Фота: Еўрарадыё
Затрыманне Зміцера Дашкевіча. Фота: Еўрарадыё

У 11.30 "Наша Ніва" паведаміла, што затрымалі Ніну Багінскую. Яе звезлі ў срэбным аўтобусе з таніраваным шклом.

kurapaty20_190404-vgqxq.jpg
Затрыманне Ніны Багінскай. Фота: "Наша Ніва"

Супрацоўнікі міліцыі забараняюць журналістам падыходзіць блізка і здымаць як знос крыжоў, так і затрыманні актывістаў. Як напісала прэс-служба ГА "БАЖ", на заўвагу карэспандэнта Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага, што, паводле заканадаўства, ён мае права прысутнічаць на месцы грамадска значных падзей, намеснік начальніка Мінскага РУУС Сяргей Удодаў прыгразіў затрыманнем за непадпарадкаванне міліцыі. Падобны інцыдэнт адбыўся і з карэспандэнтам "Радыё Свабода" Алегам Груздзіловічам.

zhurnalisty_logo.jpg
Супрацоўнік міліцыі ў цывільным выводзіць журналістку Белсата Ірыну Арахоўскую. Фота: "Новы Час"

"Еўрарадыё" паведамляе, што таксама затрыманы маладафронтавец Арцём Кляпец. Некаторых затрыманых неслі ў міліцэйскія машыны за рукі і ногі. Журналістаў таксама хапалі за рукі і білі па камерах, каб перашкодзіць здымаць.

kryz-0404-5.jpg
Затрыманне ў Курапатах 4 красавіка. Фота: "Еўрарадыё"

А 12 гадзіне ў сацсетках паведамілі, што затрыманы актывіст Валер Рабцаў.

Інфармацыя ўдакладняецца.

У Курапатах, дзе зносяць крыжы, міліцыя масава затрымлівае актывістаў

Крыніца: У Курапатах, дзе зносяць крыжы, міліцыя масава затрымлівае актывістаў Фота Відэа Дапоўнена