У панядзелак, 8 красавіка, над актывістам Міколай Дзядком абыўся суд паводле артыкула 17.11 КаАП (вырабу, распаўсюду і (альбо) захоўвання экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядаў судзя Яўген Пісарэвіч. Ён прызнаў актывіста вінаватым і прысудзіў адміністрацыйны штраф 40 базавых велічыняў (1020 рублёў). Пра гэта паведамляе “Новы Час”.
Адметна тое, што Міколу судзілі адразу па трох справах у судзе Фрунзенскага раёна. Яны ўсе трапілі ў суд цягам сакавіка, іх аб’ядналі ў адну вытворчасць.
Міколу судзілі па трох эпізодах:
- За размешчаны 14 лютага на сваёй старонцы УКантакце матэрыялы з подпісам «А*АВ», які ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў;
- За размешчаннае 25 лютага фота з такім жа надпісам у Фэйсбуку;
- За размешчанае 24 сакавіка фота ў сацсетках УКантакце, Твітар, Фэйсбук.
Доступ да ўсіх матэрыялаў не абмежаваны, што супрацоўнікі міліцыі палічылі публічным дэманстраваннем і распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але ў надпісах, апублікаваных Міколам, няма супадзення абрэвіятуры з той, што прызнаная экстрэмісцкай. Ён посціў хэштэг (рашотка і 4 малыя літары), а таксама спалучэнне літар, дзе няма кропак.
«Гэта розныя надпісы. Такім чынам можна за любы надпіс, дзе ёсць спалучэнне такіх літар, заводзіць адміністрацыйныя справы», — зазначыў Мікола Дзядок.
«Я прымаў удзел у флэшмобе #яэкстрэміст, каб выступіць супраць закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму, па якім у Беларусі пераследуюць усіх нязгодных. Гэты закон абсурдны і супярэчыць усім правам чалавека, у тым ліку прапісаным у Канстытуцыі. Якое дзяржава мае права дыктаваць, якія літары забараняць, а якія не? Ніякай пагрозы грамадству гэты надпіс не нясе. Цяпер забараняюць абрэвіятуры, якія да ўнясенне ў экстрэмісцкі спіс амаль нікому не былі вядомыя. Гэта субкультурны шыфр, які да нядаўняга часу быў вядомы толькі ў вузкіх колах моладзі. Але міліцыя на яго вельмі крыўдзіцца», — патлумачыў Мікола.
У апошнім слове Мікола звярнуўся да супрацоўнікаў суда і міліцыі:
«Усё тое, што зараз адбываецца, — сапраўдная дзікасць і абсурд. Я хацеў бы, каб усе вы задумаліся пра гэта. Праз тое, што я напісаў 4 літары ў сваіх сацсетках, было ўзнята некалькі аператыўнікаў, быў патрачаны час міліцыянера, які нас ахоўвае ў зале суда, адваката, ваш, сакратара. Якую небяспеку насельніцтву і нават дзяржаве нясуць гэтыя 4 літары? Рэсурсы, патрачаныя на тое, каб мяне пакараць, абсалютна несуразмерныя таму ёй. Банальна, але гэта — палітычны ціск. Судзяць мяне не за гэтыя 4 літары, а за тое, што я пішу і даношу людзям. Я хачу, каб вы задумаліся аб тым, чым вы ўсе займаецеся. Якая ад гэтага карысць?»
Адвакатка Міколы звярнула ўвагу, што Дзядок не распаўсюджваў прадукцыю, уключаную ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў: носьбітаў інфармацыі, СМІ. Ён проста выказваў сваё меркаванне, а гэта — фундаментальнае права, прадугледжанае Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У суд Мікола Дзядок прыйшоў з рэчамі, неабходнымі на выпадак, калі яго затрымаюць. Але яны не спатрэбіліся: яму прысудзілі адміністрацыйны штраф у 40 базавых (1020 рублёў). Мікола Дзядок будзе абскарджваць прысуд. Гэта ўжо чацвёрты суд над Міколам Дзядком за экстрэмізм у сацсетках.
Крыніца: У Міколы Дзядка адбыўся першы суд за флэшмоб #яэкстрэміст