Разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна пачнецца у судзе Ленінскага раёна на г. Брэста 9 красавіка 2019 г.
Пастанову аб прад’яўленні абвінавачвання Пятрухіну па ч. 2 арт. 188 (“Паклёп”) і ч.2 арт. 189 (“Абраза”) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вынес 1 красавіка Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту (СК).
Судовыя слуханні пачнуцца ў 9-45.
Падставай для прыцягнення блогера да крымінальнай адказнасці сталі відэаролікі, якія былі знятыя ў сакавіку 2018 г. і трансляваліся на відэахостынгу YouTube. У гэтых відэароліках С. Пятрухін заявіў аб датычнасці шэрагу супрацоўнікаў Ленінскага РУУС г. Брэста да збіцця ў міліцэйскім участку ў 2016 г. грамадзяніна П. Камінскага.
У прыватнасці, нібыта ён абразіў і ашальмаваў прадстаўніка ўлады – участковага Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка.
У чым вінаваты перад міліцыянтамі блогер Сяргей Пятрухін?
“Я лічу гэтую справу палітычна матываванай. Яе распачаў пракурор. Таму што я, нібыта, абразіў і ашальмаваў прадстаўніка ўлады, участковага Ленінскага РАУС Сяргея Ігнацюка. Для "пазоўнікаў" - міліцыянтаў і для гледачоў я падрыхтаваў сюрпрыз. І не адзін. Напрыклад, я знайшоў людзей, якія расказалі, што іх збіваў участковы Сяргей Ігнацюк. Адзін з іх распавёў пра гэта на камеру. Так што будзе весела», - пісаў Пятрухін на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Блогер Сяргей Пятрухін апошнім часам здымае шмат відэа на тэму пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. 12 траўня ў яго дома быў праведзены ператрус, падчас якога забралі кампутар, планшэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль. Апроч таго, Пятрухін неаднаразова затрымліваўся міліцыяй, атрымліваў штрафы і адбываў адміністрацыйны арышт.
Патрабуем неадкладна спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да блогера Сяргея Пятрухіна
Крыніца: Справа блогера Пятрухіна: суд шукае абразу і паклёп у бок участковага