Кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Фота: ПЦ “Вясна”. Мы чакаем пакуль нас пусьцяць у судовую залу. Аюб жыве ў Курчалоі. Ю. распавядае, што гэта было самае вялікае сяло ў Чачні, у якім жыве 25 тысяч чалавек, і месяц толькі як яго зрабілі горадам. Суда там няма, таму суд прызначылі ў Шалях. У тутэйшым шматпавярховым бізнэс-цэнтры – новы  гатэль. У Шалях жыве 50 тысяч чалавек.

“Хто тут бывае, – гаворыць Ю., – які тут бізнэс”.

Распавядае: адная з карэспандэнтак, якая прыяжджала на суд да Аюба, неяк была засялілася ў высотку-гатэль. Начавала адна на цэлы паверх. Толькі моўчкі ўначы хадзілі нейкія дзіўныя людзі. Ноч перабыла і выехала – не вытрымала, перасялілася ў Грозны.

Урэшце мы заходзім у залу. Аюб ужо ў клетцы, апрануты падкрэсьлена акуратна: у чорнай кашулі і чорных штанах, у чорнай аксамітнай чачэнскай шапачцы – пясе, у акулярах у тонкай аслоне, падобны на сельскага настаўніка. Я вітаюся зь ім, перадаю яму прывітаньні ад знаёмых яму калежанак, ад Сашы і ад Іны, распавядаю пра падтрымку ва ўсім сьвеце, што багата хто перажывае і клапоціцца за яго.

Ня так і важна напачатку – што я кажу. Важна зазірнуць яму ў вочы, падтрымаць поглядам і ўсьмешкаю. Даць яму зразумець, што ён не адзін. Хваляваньне накатвае на мяне. Ці ня так даўна я вось гэтак жа, як зараз Аюб,  стаяў у клетцы ў Менску і пераглядваўся з сваімі калегамі, з Сашай Кулаевай, якая прыляцела на суд з Парыжу, з Артакам Кіракасянам з Ерэвану, з Алегам Арловым з Масквы. Іхні прыезд на суд быў для мяне мацнейшай маральнай падтрымкаю. Я перакананы, што Аюб і так годна перажыў бы свой суд, нават калі б на яго нікога і не пусьцілі. Але нам важна паказаць яму і сабе самім, што сёньня, у гэтую няпростую для яго хвіліну, мы – разам.

Кіраўнік грозненскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў. Фота: ПЦ “Вясна”.

Мне дзіўна, што прыставы, усе як адзін – чачэнцы ў форме, дазваляюць нам спакойна размаўляць, нават хтосьці пасьпявае павітацца з Аюбам праз жалезныя пруты за руку. У Беларусі да зьняволенага ў клетцы і блізка не падыйдзеш, адразу міліцыянты адгоняць. Тут усё больш нефармальна, неяк “па-хатняму”. У залу праходзяць сваякі Аюба, ягоныя сёстры – ужо бабулі ў рознакаляровых хустках, весялейшых, чым ходзяць жанчыны у Грозным. Відаць, што строгія правілы нашэньня хустак пэўнага колеру, устаноўленыя Рамзанам, сюды яшчэ не дайшлі, і кабеты ходзяць так, як хадзілі заўсёды.

zhardat_i_hava.jpg
Сёстры Аюба Ціціева - Жардат і Хава

Заходзяць мужчыны, мабыць ягоныя аднавяскоўцы, абдымаюцца зь міліцыянтамі, відаць добрыя знаёмыя, ці сваякі. Да клеткі падыходзіць сваяк Аюба і па-чачэнску распавядае, выглядае, пра сьмерць цёткі. Аюб на хвіліну зьнерухомвае, змружвае вочы. Для яго гэтая сумная навіна тут, у турме, эмацыйна значна мацнейшая. У зьняволеньні ўсё, што тычыць прыватнага жыцьця, сямейных стасункаў становіцца значна больш важнейшым, чым на свабодзе.

І мне, пакуль я быў у СІЗА давялося страціць роднага чалавека. Праз чатыры з паловай месяцы пасьля майго арышту, калі я быў у Жодзінскай турме, якраз на каляды 2011 года, памёр мой бацька.  У яго найшлі рак лёгкіх ужо тады, калі я быў зьняволены. Сястра распавядала, што ён падтрымліваў мяне да апошняга, лічыў, што я ўсё рабіў слушна. Мяне прывезьлі з жодзінскага СІЗА пад канвоем разьвітацца з бацькам у Менск, жонка дабілася амаль неверагоднага. Але ў мяне засталося незагойнае пачуцьцё віны, што ў гэтыя апошнія месяцы ягонага жыцьця мяне не было зь ім побач.

У залу суда забягае сакратарка, за ёй сьледам заходзіць суддзя – маладая кабета, мабыць чачэнка, гладка зачасаныя валасы, без мантыі, апранутая па-сьвецку. Мы ўстаем, яна пачынае працэс па-руску, гаворыць чыста, без акцэнту, мабыць жыла ці вучылася па-за межамі Чачні.

Суддзя выклікае сьведак, суседак Аюба. Яны выглядаюць на бабуляў, пачынаюць называць гады нараджэньня, аказваюцца крыху старэйшыя за мяне. Нават ня верыцца. Вядома, дзьве вайны, якія яны перажылі, сьмерці і жах, які яны прапусьцілі праз сэрца, маладосьці ім не дадалі. Хаця і мяне з-за раньняй сівізны даўно ўжо лічаць далёка не маладым. Мы зьдзіўляемся толькі тады, калі зазіраем у люстэрка.

Згадваю выпадак, калі ў 2007-м годзе мы стаялі на пікеце ў Менску на Кастрычніцкай плошчы і патрабавалі вызваленьня палітычнага вязьня, былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, АМАПаўцы урэшце выпхнулі нас з плошчы за Палац рэспублікі і пачалі грузіць у аўтобус. Мяне, засопшагася, расхрыстанага, без шапкі на галаве, з пабітымі мянтоўскімі берцамі нагамі – бо ўпіраўся і не хацеў сыходзіць з плошчы, таксама запіхнулі ў гэты мянтоўскі пазік. АМАПАўцы ў сярэдзіне аўтобуса ўтрамбоўвалі затрыманых і шчодра раздавалі кухталі. Лейтэнант, які камандаваў імі, убачыў мяне і загадаў: “Дзедушку не трогаць!” Доўга потым мае калегі прыгадвалі мне са сьмехам гатае: “Дзедушку не трогаць!”

Суседкі Аюба выступаюць і хваляць яго. Дзіўна мне бачыць у іхніх руках пашпарты з двухгаловымі арламі. Адная распавядае, як неяк улетку выйшла на двор і чуе – нешта тоненька сьвішча. А гэта, аказваецца, Аюб на суседнім двары скача на скакалцы, і тая так рэжа паветра, што аж сьпявае.

Падчас яе допыту па судовай залі туды-сюды праходзіць судовы прыстаў з аўтаматам, які целяпаецца на плячы. Ніхто, ні суддзя, ні адвакаты, ні прысутныя не зьвяртаюць на яго ўвагі. Я зьдзіўлена паглядаю на Ю. “Прыставам можна”, – тлумачыць яна.

Другая сьведка  просіць перакладчыка з чачэнскай на рускую. Суддзя згодна ківае галавой. Праз хвіліну прыходзіць маладзіца гадоў трыццаці, відаць, што яна працуе ў судзе перакладчыцай увесь час. Яна перакладае ўсе пытаньні, якія задаюць суддзя і пракурорскія. Тыя ж сядзяць за столікам бокам да нас, тварам да клеткі, да Аюба. Дзябёлая жанчынка ў вузкай і караткаватай сіняй пракурорскай спаднічцы і гэткай жа ж цеснаватай кашулі, Мілана, і нейкі невыразны мужык у мундзіры, Джабраіл, які ў асноўным маўчыць. Сабачая пракурорская доля.

dzabrail_ahmatau.jpg
Справа пракурор Джабраіл Ахматаў

Я заслухоўваюся чачэнскай моваю, дыфтонгі, доўгія “т” і “л”, выбухныя сплучэньні “кх”, “цл”, мяккае “хь”, гартанныя “ч” і “ц”, усё гэта нязвыкла для мяккай беларускай мовы, але потым чую знаёмыя “дз” і “дж”.

“Ага, – усьміхаюся сам сабе. – Вось хоць у гэтым нашыя мовы падобныя адна на другую”.

Перакладчыца гаворыць па-чачэнску, устаўляючы некаторыя тэрміны на рускай мове: “суд”, “прокурор”, “показания”. Сьведка ўважліва слухае, паслухмяна ківае галавой, урэшце пачынае адказваць на рускай мове з моцным акцэнтам:

“Ніхто з суседзяў ня верыць, што ён перавозіў наркотыкі. Усе адкрыта кажуць: падкінулі”.

Пракурорка пытаецца: “Хто падкінуў?”

Сьведка прадугледліва маўчыць, затым заяўляе:

“Аюба несправядліва судзяць! Ён на сто працэнтаў чэсны! І яшчэ на сто працэнтаў! І яшчэ!”

Заслухалі наступных двух сьведак-суседак. Усе, як адна, нахвальваюць Аюба. У кожнай зь іх пракурорка пытаецца:

“А вы бачылі што-небудзь па-сутнасьці? Як затрымлівалі Аюба Салманавіча?”

Ніхто зь іх гэтага ня бачыў.

“Недармна яна задае гэтае пытаньне”, – шапчу я Сяржуку.

Іхнія сьведчаньні становяцца не па сутнасьці справы. Наўрад ці суддзя ўлічыць іх як доказы ягонай невінаватасьці.

Чытайце таксама:  

I. Аюб і Натальля

ІІ. Расійская амбасада, менскі аэрапорт і Акзам

III. Парыж, Шарамецьева, Рамзан Кадыраў і Алег Арлоў

IV. Андрэй Белы, Кастусь Каліноўскі і прафесар Марзалюк

V. “Грозны – цэнтр міру!” Мянялы і Грозны-сіці

VI. “Сэрца Чачні”, праспект Пуціна, вуліца Назарбаева, завулак Лукашэнкі

VII. Грозьненскі музей і прагулкі з Сьвятланай Ганнушкінай па беразе Сунджы

VIII. Дзень другі. “Сонца хілілася на захад, а немцы рваліся да Грознага”

IX. Паездка ў Шалі. Белоруссия ці Беларусь

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Крыніца: Блог Алеся Бяляцкага: Х. Суд над Аюбам Ціціевым