За тры месяцы адміністрацыя пагрозамі і ціскам прымусіла выйсці са складу Незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ "Беларуськалій" больш за 600 членаў прафсаюза з 4000 тысячаў. Толькі за адзін дзень - 31 сакавіка - з НПГ ААТ "Беларуськалій" было выведзена каля 200 работнікаў дапаможных цэхаў, піша praca-by.info.
Незалежны прафсаюз гарнякоў ААТ "Беларуськалій" уваходзіць у склад Беларускага незалежнага прафсаюзу.
У першую чаргу пад удар трапілі члены прафсаюза, якія ўдзельнічаюць у двух прафсаюзах: у пярвічцы БНП і афіцыйным галіновым "Белхімпрафсаюзе". Па сведчанні прафсаюзнага кіраўніцтва, адміністрацыя прэсуе актывістаў.
Пра ціск на сваіх членаў Беларускі незалежны прафсаюз напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
"У перадвыбарчы год улады вырашылі задушыць працоўны рух на стратэгічна важным прадпрыемстве краіны ААТ #Беларуськалій.
Па чутках, якія распаўсюджваюцца ў Салігорску, з Мінска была дадзена адмашка знішчыць Незалежны прафсаюз гарнякоў #НПГ, які аб'ядноўваў на пачатак 2019 года 4000 працоўных. За тры месяцы ўжо выбіта 10% сяброў.
Адзін з метадаў - праца праз майстроў і ІТРаўскі склад.
Да нас прыходзяць цікавыя фотаздымкі ад работнікаў. Адзін з іх датычыцца працы #Белхімпрафсаюз па "агітацыі" работнікаў. Па ўнутрыкарпаратыўнай сетцы Lotos ІТРаўцам прыходзяць такія вось лісты-рассыланні ад лідэраў БХП.
Дадзеныя гэтых "лідэраў" будуць далучаныя да нашай міжнароднай рассылцы".
Незалежны прафсаюз гарнякоў збіраецца звярнуцца ў пракуратуру са скаргай на прадстаўнікоў адміністрацыі «Беларуськалія», а таксама ў міжнародныя прафсаюзныя аб'яднання па дапамогу.