Палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ) ў калоніі ў Горках, куды ён быў пераведзены 21 лютага пасля таго, як адбыў чарговыя 10 сутак у ШІЗА.
“Жамчужны будзе звяртацца ў Вярхоўны суд з просьбай пераглядзець яго справу”, распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік, які перапісваецца з Жамчужным.
У агульнай суме, з моманту пераводу Міхаіла Жамчужнага ў ліпені 2017 года ў папраўчую калонію г. Горкі ў дачыненні да яго 26 разоў ўжываліся меры дысцыплінарнага спагнання.
Толькі за перыяд з сярэдзіны кастрычніка мінулага года па студзень гэтага, Жамчужны правёў у ШІЗА 35 сутак і адзін месяц у ПКТ.
“Міхаіл ізноў выказвае занепакоенасць, што многія лісты да яго не даходзяць, – кажа Леанід Свецік. – Яны знішчаюцца і са складаннем пратаколаў, і нават без гэтай працэдуры. Але, па словах Жамчужнага, яго скаргі ўсё-такі даюць плён, бо апошнім часам пасля 10 сутак штрафнога ізалятара палітвязня адправілі не ізноў у ШІЗА, а на тры месяцы ў ПКТ, дзе ўмовы ўтрымання ўсё-такі больш мяккія”.
Акрамя таго, Міхаіл Жамчужны паведаміў, што, магчыма, з-за яго скаргаў пакінуў сваю пасаду начальнік санітарнай часці калоніі. Менавіта гэты чалавек у свой час пацвярджаў, што арыштанту можна знаходзіцца ў ШІЗА больш за 400 сутак.
“З гэтай нагоды Міхаіл Жамчужны скардзіўся ва ўпраўленне здравааховы, і праз нейкі час той чалавек звольніўся, – дадае Леанід Свецік. – Таксама ён ізноў будзе звяртацца ў Вярхоўны суд з просьбай пераглядзець яго справу.
Дарэчы, пасля яго скаргаў у калоніі палепшылася харчаванне, за што ўсе зняволеныя дзякуюць Жамчужнаму”.
Крыніца: Пасля скаргаў Жамчужнага ў калоніі палепшылася харчаванне